Мінчук Вадзім "дапамог" Нацбанку — ён пакінуў каля будынка 400 рублёў

Чарговая акцыя, анансаваная праз сацыяльныя сеткі, праходзіць сёння. Мінчукоў заклікалі прыходзіць да будынка Нацбанка і пакідаць там дробныя купюры. Еўрарадыё паразмаўляла з адным з яе ўдзельнікаў мінчуком Вадзімам, які сёння "дапамог" Нацбанку, пакінуўшы ў кветніку каля будынка 400 рублёў.

Вадзім: “Магчыма, гэта быў не флэш-моб, а дапамога Нацыянальнаму банку. У кішэні заўсёды ёсць дробязь. І таму я частку паклаў каля Нацыянальнага банку. Можа выйдзе Пётр Пятровіч, можа мой унёсак неяк паўдзельнічае ў рэгуляванні фінансавай ці валютнай сітуацыі ў Беларусі. Таму я пакінуў больш за 50 паперак, выбачаюся, грошай, каля Нацбанку. Напэўна, Пётр Пятровіч іх забраў ці нехта яшчэ”.

Еўрарадыё: Нагадайце, адкуль з'явілася ідэя гэтай акцыі?

Вадзім: ”Такая ідэя прайшла ў сацыяльнай сетцы. Але першакрыніца — гэта акцыя “Стоп-бензін”, якая адбылася ў Мінску. Адзін з аператараў даставаў мікрафон, каб прыстасаваць на камеру (ён здымаў акцыю) і ў яго выпалі грошы, а часу падымаць іх не было. І людзі ўбачылі гэта і падхапілі "гэтую акцыю". Атрымаўся такі перформанс. Пачалося гэта каля моста і скончылася каля ГУМа. І пасля гэтага з’явілася такая акцыя як флэш-моб у сацыяльнай сетцы”.

Фота — telegraf.by