Мінадукацыі закрыла эксперымент з нэтбукамі ад лішніх вачэй
А ў школах кажуць, што пакуль нятаннай тэхнікі хапае не ўсім.
Эксперымент па выкарыстанні нэтбукаў у некалькіх беларускіх школах стартаваў у верасні. Цяпер там усе прадметы выкладаюць з дапамогай новых тэхнічных сродкаў.
“У нас тэхніка ёсць. Яна ёсць у няпоўным аб’ёме, але ёсць. Гэта не адзін [нэтбук. — Заўв. Еўрарадыё] на клас, натуральна. А толькі некалькі штук не хапае”, — кажуць у адной са школ, дзе праходзіць эксперымент.
То бок, у аднаго вучня нэтбук ёсць, а ў іншага няма. Цікава, як жа назва праграмы “Адзін вучань — адзін кампутар”?
Новыя сродкі навучання выкарыстоўваюць не на адным нейкім прадмеце, а на ўсіх.
“На ўсіх прадметах іх выкарыстоўваюць, цягам дня. Адзінае толькі, што там час абмежаваны”.
Да дому школьнікі свае нэтбукі браць не могуць, бо там, паводле словаў настаўнікаў, “нельга кантраляваць час, які вучань праводзіць за кампутарам”. Таму тэхніку вучні пакідаюць у школе. Але і там выкарыстоўваць нэтбук можна не больш за 15 хвілінаў за адзін урок. Таму асноўным сродкам навучання ўсё адно застаецца падручнік.
У Міністэрстве адукацыі з невядомай прычыны не хочуць, каб за эксперыментам назіралі. Школам забаранілі размаўляць з журналістамі.
“Пасля таго, як мы давалі інтэрв’ю тэлебачанню, нас папрасілі не інфармаваць грамадскасць аб правядзенні эксперымента”, — удакладнілі ва ўстанове адукацыі. Такім чынам, эксперымент цяпер будзе праходзіць за школьнымі сценамі, падалей ад вачэй.
“8 верасня ў нас праходзіла нарада, і Міністэрства [адукацыі. — Заўв. Еўрарадыё] забараніла нам размаўляць з журналістамі”.
"Што ж сакрэтнага ў школьным эксперыменце?", — пытаемся ў Міністэрства адукацыі.
“Пазіцыя такая, што пакуль эксперымент не скончаны, было б няправільна даваць прамежкавыя каментары. Эксперымент стартаваў, а вынікі падводзіць будзем у канцы года”.
Да таго ж у Мінадукацыі ўпэўніваюць, што нэтбукаў усім вучням хапіла.
“Эксперымент стартаваў, значыць усім нэтбукаў хапіла. Ён жа не можа пачацца з крэйдай і дошкай”.
Але з крэйдай і дошкай пачаўся эксперымент ці ўсё ж з нэтбукамі, мы, на жаль, пабачыць не можам.
Нагадаем, эксперымент па выкарыстанні нэтбукаў праходзіць сёлета ў 7 школах Беларусі. Сярэдні кошт такога нэтбука - 320-350 долараў.
Фота: sch95.edu.ru