Мінадукацыі “дапаможа” гуманітарыям вучыцца лепш
Там прыдумалі новы спосаб павелічэння матывацыі студэнтаў.
Студэнты-гуманітарыі могуць застацца без стыпендый, калі іх сярэдні бал будзе ніжэй за 6. Раней ніжні парог, з якога пачыналі налічваць грошы, быў 5,5. Дзейнічаць новыя правілы пачнуць ужо пасля зімовай сесіі, патлумачылі ў прэс-службе БДУ.
“Вось я патэлефанавала на гуманітарны, напрыклад. Там гавораць — мы яшчэ не чыталі новы закон. Усё гэта пачне дзейнічаць толькі пасля зімовай сесіі. Там нават у дакуменце напісана, што гэтыя паўгода дзейнічаюць старыя правілы. І мне сказалі ў планавым, што пасля зімовай сесіі, ужо тады гэта будзе. Зімовая сесія і пакажа”, — расказваюць нам у прэс-службе БДУ.
У Мінадукацыі тлумачаць, што новыя правілы павінны паспрыяць больш адказнай падрыхтоўцы да іспытаў. Маўляў, павысіцца матывацыя. Аднак у саміх ВНУ не бяруцца сказаць, наколькі гэта паўплывае на паспяховасць. І ўвогуле гавораць, што студэнтаў, якія б не спраўляліся з праграмай, у іх мала.
“У нас такіх студэнтаў дастаткова мала, я б сказаў так. Ну, і сесія яшчэ не пачалася. Яна ў студзені недзе ідзе. Я ў курсе, натуральна. Але ў нас экзаменацыйная сесія ў студзені. Таму пра гэта можна будзе гаварыць толькі пасля сесіі”, — расказвае Еўрарадыё дэкан факультэта кіравання Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Леанід Дашкевіч.
Няшмат “двоечнікаў” і ў самай гуманітарнай з усіх гуманітарных вышэйшых навучальных установаў — Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Пра гэта Еўрарадыё гаворыць прарэктар па вучэбнай працы Лідзія Бярозкіна. Яна нават прыблізна не можа прыгадаць, колькі студэнтаў гэтай ВНУ не здолелі атрымаць стыпендыю пасля летняй сесіі.
“У нас добра здаюць. Калі і ёсць, то невялікая колькасць. Бо ў нас калі сесію не здасі, калі будзеш здаваць ніжэй за шэсць — то які ж ты рэжысёр, акцёр, альбо мастак? Таму ў нас з гэтай справай, уласна кажучы, нармальна”.
Еўрарадыё падлічыла, як гуманітарыям трэба зараз здаваць іспыты, каб атрымоўваць 190 тысяч мінімальнай стыпендыі. Калі ў вас, не дай божа, атрымалася першы іспыт здаць на адзінку альбо двойку, то ўсе іншыя прыйдзецца здаваць мінімум на васьмёркі. Толькі так вы забяспечыце сабе нейкія грошы на картку ад дзяржавы.
А вось фізікам, матэматыкам і іншым тэхнарам прасцей. У іх мінімальны сярэдні бал, неабходны для атрымання стыпендыі, роўны 5. А ў ПТВ дык увогуле 4.