Мінабароны нарэшце прызнала "цацачны дэсант"
Гэта адбылося амаль праз паўтара месяца пасля таго, як шведскі самалёт скінуў плюшавых мядзведзікаў над Мінскам ды Івянцом.
14 жніўня прэс-служба Мінабароны паведаміла, што ў ліпені ішла праверка інфармацыі пра несанкцыянаваны палёт над тэрыторыяй Беларусі ды расследаванне інцыдэнту.
Цяпер Мінабароны праводзіць комплекс мерапрыемстваў па павышэнні гатоўнасці Ваенна-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны да рэагавання на падобныя выпадкі, інфармуе БелаПАН. Для гэтага часцей сталі лятаць самалёты ваеннай авіяцыі. А зенітныя ракетныя войскі і войскі СПА правялі аператыўна-тактычныя вучэнні з баявой стральбой.
Нагадаем, што Мінабароны адмаўляла факт "цацачнага дэсанту" нават тады, калі КДБ ужо арыштавала па гэтай справе фатографа Антона Сурапіна і рыэлтара Сяргея Башарымава. Аднак 31 ліпеня Аляксандр Лукашэнка зняў з пасадаў кіраўніка Памежнага камітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Дзмітрыя Пахмелкіна.