Мілінкевіч: Прэмія адразу тром арганізацыям — беспрэцэндэнтны выпадак
Лідэр Руху "За Свабоду" пракаментаваў прысуджэнне міжнароднай Прэміі Свабоды "Вясне", БАЖу і "Свабоднаму тэатру".
Еўрарадыё: Вы наведаеце Вроцлаўскі Глабальны форум. Раскажыце, калі ласка, што гэта за мерапрыемства?
Мілінкевіч: “Гэта форум, які праводзіцца рэгулярна па абодва бакі Еўраатлантыкі. На ім разглядаюцца праблемы сусветнага супрацоўніцтва, бяспекі, праблемы правоў чалавека. Гэта глабальны форум, на які з’язджаюцца лідары думак, вядомыя палітыкі, прэзідэнты. Для нас вялікі гонар, што там будзе прадстаўнічая беларуская дэлегацыя, а яшчэ важней, што аж 3 беларускіх арганізацыі атрымаюць прэміі. Гэта беспрэцэндэнтны выпадак”.
Еўрарадыё: Што гэтая прэмія дае?
Мілінкевіч: “Нават калі ў прэміях ёсць грошы, яны маюць другаснае значэнне. Сама прэмія — гэта прызнанне гэтай групы людзей за маральныя каштоўнасці, за свабоду, за праўду, за справядлівасць, за правы чалавека, якія так пастаянна і так жорстка парушаюцца ў нашай краіне. І гэта таксама працягнутая рука для нашай краіны, бо гэта прэмія не толькі гэтым людзям, выдатным, заслужаным, гэта прэмія ўсім тым, каму ў нашай краіне не ўсё роўна, хто хоча жыць у еўрапейскай дэмакратычнай Беларусі”.
Еўрарадыё: Вы рыхтавалі нейкі даклад? Якой вы бачыце будучыню Беларусі?
Мілінкевіч: “Што важна, цэлая панэль прысвечаная нашай краіне. Яшчэ ёсць панэль, у якой будзе разглядацца пытанне новай хвалі каляровых рэвалюцый, гэтых дэмакратычных зменаў на Поўначы Афрыкі, ці гэта ёсць прыклады для іншых недэмакратычных дзяржаваў. Вельмі важна, каб там прагучаў наш голас. Як бы нашыя партнёры ні збіраліся нам дапамагаць, якія б стратэгіі яны ні будавалі, калі гэтыя планы не будуць распрацаваны і ўзгоднены разам з беларускай дэмакратычнай супольнасцю, то яны не маюць шанцу на поспех. Вельмі важна даць ацэнку таго, што было ў нашай краіне, якія былі памылкі і поспехі еўрапейскай і амерыканскай палітыкі адносна недэмакратычнай дыктатарскай Беларусі. Трэба таксама гаварыць на перспектыву, бо самы важны будзе момант першыя выбары пасля Лукашэнкі. Там будзе вырашацца, куды пойдзе Беларусь — ці яна стане зноў сябрам Еўрапейскай сям’і ці яна будзе правінцыяй якой-небудзь геапалітычнай дзяржавы. Гэты геапалітычны выбар адбудзецца ў такі момант, мы мусім да яго рыхтавацца і тут дапамога дэмакратычнага свету надзвычай важная”.
Еўрарадыё: Пра тое, як зрабіць Беларусь дэмакратычнай, з боку ЗША будзе на Форуме абмяркоўваць і намеснік сакратара абароны ЗША. Крыху дзіўна, што, сярод іншых, і ён гэта будзе абмяркоўваць...
Мілінкевіч: “Я не думаю,што Беларусі пагражае міжнародная інтэрвенцыя. Гэтыя людзі, якія займаюцца абаронай, у краінах дэмакратычных, яны ж займаюцца і праблемамі бяспекі. Бо так, у нас сёння няма вайны на Беларусі, але Беларусь уяўляе сабой небяспеку для суседзяў, бо мы нестабільныя, непрадказальныя. Нават калапс эканомікі, які цалкам магчымы ў Беларусі, — гэта ўдар і па суседзях”.
Еўрарадыё: Што яшчэ краіны дэмакратычнага свету могуць зрабіць, прапанаваць Беларусі?
Мілінкевіч: “Я цвёрда стаю на пазіцыі, што адна палітыка павінна быць адносна ўладаў, якія знішчаюць парасткі дэмакратыі. А іншая палітыка — адносна грамадства, асабліва актыўнай часткі грамадзянскай супольнасці. Свет дэмакратычны мусіць адкрыцца, тут многа праблемаў. Мы кажам пра візы вельмі доўга, што візы шэнгенаўскія амаль недаступныя для беларусаў, мы ў замкнёнай дзяржаве жывем — гэта вельмі кепска. Трэба падтрымліваць свабодныя СМІ, якія нясуць незалежную інфармацыю, грамадзянскую актыўнасць падтрымліваць, асабліва ў рэгіёнах. Гэта ўсе я называю шырокім словам — "еўрапеізацыя", мы павінны прайсці дэсаветызацыю і прайсці шлях "еўрапеізацыі". Тут дапамога дэмакратычных партнёраў надзвычай важная”.
Еўрарадыё: Якую вы пазіцыю будзеце адстойваць на гэтым Форуме наконт выдзялення крэдыту МВФ Беларусі?
Мілінкевіч: “Я не думаю, што мы многа ўплываем на гэта. МВФ — гэта не палітычная, а эканамічная структура. Безумоўна, палітыка адыгрывае пэўную ролю пры прыняцці рашэнняў. Я цвёрда стаю на пазіцыі, што шырокія эканамічныя санкцыі зашкодзяць Беларусі і яе перспектывам асабліва ўдарыць па незалежнасці. Выбарачныя могуць быць. Але тое, што павінны рабіць заходнія краіны — не звяртаць увагі на тыя сігналы, што пачынае пасылаць улада, што "яна гатова". Не гатова. Не словы павінны гучаць з боку ўлады, яна павінна проста вызваліць вязняў. І тады будзе па новай размова. Але размова вельмі жорсткая і канкрэтная”.