Мікалай Пахабаў будзе скардзіцца на смалявіцкіх міліцыянтаў

У эфіры Еўрарадыё ён распавёў, што яго затрымалі сёння зранку каля Кургана Славы пад Мінскам. Пахабаў кажа, што ён праехаў ужо пост ДАІ, калі яму наўздагон махнулі жэзлам. Міліцыянты адразу праверылі яго багажнік аўтамабіля і знайшлі там газеты "Новы час". 


Праваахоўнікі заявілі, што такую газету не ведаюць. І хаця выданне мела выходныя звесткі, Пахабава даставілі ў смалявіцкую міліцыю, каб спраўдзіць выданне. 


Там міліцыянты, кажа актывіст, правялі дагляд яго машыны без усялякіх падставаў. Пахабаў адзначае, што пры гэтым быў парушаны Крымінальна-працэсуальны кодэкс, бо на яго няма ніякай крымінальнай справы. Акрамя газеты "Новы час" у машыне знайшлі ўлёткі "Не — жабраванню народа". 


Пахабаў кажа, што будзе абскарджваць дзеянні смалявіцкіх міліцыянтаў. Скаргу ён падасць альбо ў больш высокую міліцэйскую інстанцыю, альбо ў пракуратуру.