Мэр Мінска — пра рост коштаў ЖКГ і “маўклівыя акцыі”

На сустрэчу з мэрам Мінска Мікалаем Ладуцькам жыхары Цэнтральнага раёна сталіцы прыходзілі загадзя. За паўгадзіны да прызначанага часу ў актавай зале лінгвістычнай гімназіі-каледжа №24 не было вольных месцаў.  

Чыноўнікі збіраюцца на сустрэчу мэра Мінска з жыхарамі Цэнтральнага раёна сталіцы

...і чакаюць прыезда кіраўніка

Мікалай Ладуцька пад’язджаць да дзвярэй гімназіі не стаў — спыніў машыну па-за дваром навучальнай установы.

Павітаўся з падначаленымі і, пазнаўшы карэспандэнта Еўрарадыё, падышоў да яго. Скарыстаўшыся момантам, мы пацікавіліся нагодай сустрэчы мэра з грамадзянамі і наколькі спантаннай яна была.

Мікалай Ладуцька: “У нашым узросце нічога спантаннага не бывае: трэба ўсё пралічваць. Увесь свет жыве ў аналізе, правільна? І нават самыя рынкавыя эканомікі, калі іх правяраеш, аказваюцца вельмі нават жорстка рэгуляванымі. Таму любыя сустрэчы плануюцца загадзя. Тэма гэтай сустрэчы — сціслае інфармаванне пра тое, што сёння робіць гарадскі выканаўчы камітэт. І тыя пытанні, якія цікавяць мясцовых жыхароў па працы мясцовай выканаўчай улады, па працы камунальнай гаспадаркі”.

Еўрарадыё пацікавілася, ці ёсць у мэра, чым супакоіць жыхароў сталіцы, калі ўзнікнуць пытанні аб магчымым росце камунальных плацяжоў. Тое, што гэта можа хваляваць людзей, здзівіла кіраўніка Мінска.

“А хто хвалюецца? Вось спытайце: гэта жыхары, чаго ты ў мяне пытаешся? У іх спытай: яны хвалююцца? — Мікалай Ладуцька павярнуў карэспандэнта ў бок тых "мясцовых" жыхароў, якія стаялі побач. Але зразумеўшы, што чыноўнікі не зусім тыя людзі, да якіх трэба звяртацца па каментары ў такім пытанні, перанакіраваў увагу на карэспандэнтку СТВ, якая сарамліва стаяла побач. — Вы хвалюецеся?”

“Хвалююся”, — крыху разгубілася тая ад такой увагі мэра.

Мікалай Ладуцька: “Як вы хвалюецеся?”

Карэспандэнтка: “Ну, што заработная плата ўпадзе, а камунальныя паслугі вырастуць...”


Мікалай Ладуцька: “У вас — не. Вы з кім жывяце? Удзвюх з маці? А якая ў вас плошча кватэры? Тры пакоі на дзвюх? Напэўна, маеце метраў 80. І аплачвае камуналку маці...”


Карэспандэнтка: “Дык хочацца ёй дапамагчы!”


Мікалай Ладуцька: “Вы пакуль сабе дапамагайце! Бо сёння вы аплачваеце ў сярэднім ад кошту вашай кватэры, нават з улікам таго, што вы жывяце ўдзвюх і плаціце за лішнюю плошчу, толькі 32% ад рэальнага кошту. Астатняе — ідуць датацыі з гарадскога бюджэту”.


І пачаў тлумачыць Еўрарадыё будучыню камунальных плацяжоў у Мінску.

Мікалай Ладуцька: “Прынцыповая пазіцыя, якая ёсць у нашай краіне, — што любыя змены ўзгадняюцца з кіраўніцтвам краіны; і кіраўніцтва краіны вызначае той ці іншы крок у гэтым накірунку. Кіраўніцтва краіны сёлета гэты крок вызначыла: праца з насельніцтвам па змене тарыфнай палітыкі будзе насіць папераджальны характар. Пакуль ніякіх іншых дзеянняў у гэтым накірунку ў нашым горадзе не робіцца”.



У адказ на пытанне, ці ёсць спадзяванне, што рашэнне Мінгарвыканкама №101 аб ільготным крэдытаванні будаўніцтва ізноў будзе працаваць, мэр упэўнівае, што ніхто яго не адмяняў! Проста былі перагледжаныя “прыярытэты”.

Мікалай Ладуцька: “Гарвыканкам не адмяняў ільготнае крэдытаванне! Сёння, калі аб’ёмы льготнага крэдытавання адкарэктаваліся, узніклі перасцярогі, што ў нас магчымасці для накіравання ў дамы долевага будаўніцтва ў такой колькасці людзей не будзе. І таму сёння вызначаныя прыярытэты. Шматдзетныя сем’і будуць мець прыярытэтнае права на атрыманне льготных крэдытаў — гэта святое. І іншыя катэгорыі, якія вызначаныя, сёння і будуць давызначаныя адпаведнымі нарматыўнымі дакументамі. Таму — будаўніцтва вядзем!”

Згодна са словамі мэра, тыя, хто заключыў пагадненне з забудоўшчыкам да 15 траўня і мае права на 5% крэдыт, яго атрымае.

Пацікавіўся карэспандэнт Еўрарадыё і стаўленнем кіраўніка горада да “маўклівай акцыі”. Спачатку Мікалай Ладуцька адмовіўся гаварыць на палітычныя тэмы, але потым не вытрымаў і даў параду, чым займацца людзям у вольны час замест удзелу ў акцыях.

Мікалай Ладуцька: “Да Дня Незалежнасці мы зараз у парку Перамогі кабелі пракладваем — рыхтуем парк. Ты ж не прыйшоў, не сказаў: “Пайшлі туды, у парк Перамогі, ды разам пакапаем, падрыхтуемся да Дня Незалежнасці!" Прыйдзем тады туды 3 ліпеня, з душой ды сэрцам: “Мы тут працавалі!”. А то — мы там пастаялі, паківалі! Лепш бы ты прыйшоў і сказаў: “Пайшлі туды, мужыкі, там ёсць праца”. І сабе будзе прыемна, і людзям. Тады прыйдзеш туды 3 ліпеня, чарку купіш і вып’еш нармальна з беларускім мясам. Не з салам — яно шкоднае, а з мясам”.

І накіраваўся ў актавую залу на сустрэчу. Яго выступ расцягнуўся амаль на гадзіну. Мікалай Ладуцька падлічыў дакладную колькасць жыхароў Мінска разам са студэнтамі і гастарбайтэрамі — каля 2 мільёнаў 50 тысяч. Колькасць кватэр, якія мінчукі здаюць прыезджым афіцыйна і, верагодна, неафіцыйна — 10 і 25 тысяч адпаведна. Расказаў пра значнасць для раёна завода “Атлант” і фабрыкі “Беларускія шпалеры”, пра праграму імпартазамяшчэння, неабходнасць павелічэння долі экспарту і пра чысціню вуліц, пра колькасць школ, садкоў і пра цяжкасці з напаўненнем гарадскога бюджэту фінансамі. Папярэдзіў, што да 2015 года людзі будуць аплачваць не 32%, а 60% паслуг ЖКГ. Праігнараваўшы рэпліку з залы, што на той час і сярэдні заробак павінен быць 1 тысячу долараў. І шмат яшчэ пра што гаварыў мэр.

Людзей найбольш цікавілі пытанні будаўніцтва жылля. У кагосьці дом так і не пачаў будавацца, хоць да здачы аб’екта паводле дамовы засталося некалькі месяцаў. Хтосьці цікавіўся ўмовамі, на якіх можа пачаць будаўніцтва жылля, хтосьці — ці зруйнуюць яго прыватны дом.

На нейкія пытанні мэр адказваў адразу, на іншыя — абяцаў адказаць пісьмова. Сустрэчай збольшага засталіся задаволеныя абодва бакі. Хаця б таму, што вострых пытанняў, на якія мэр не здолеў бы адказаць, ад людзей не паступіла.

Фота: Змітра Лукашука