Маці і блогер Будзімір ганарацца Мікітам Ліхавідам

Гутарка з Аленай Ліхавід

Еўрарадыё: У Інтэрнэце пачалася кампанія, з заклікам дасылаць Мікіце Ліхавіду лісты. А ці сам Мікіта піша вам?
Ліхавід: «З моманту нашай сустрэчы 4 мая, не, на жаль. Гэта звязана з тым, што ён столькі часу ў карцэры. Ім там забаронена любая перапіска – яны не атрымліваюць лістоў і ім не дазваляюць пісаць лісты. Мікіта цяпер у поўнай інфармацыйнай блакадзе».
Еўрарадыё: Магчыма, вы размаўлялі з адміністрацыяй калоніі, можа вам патлумачылі, яаму яго садзяць у карцэр?
Ліхавід: «Так. Я звязвалася з калоніяй, я там была 7 мая, у дзень нараджэння Мікіты. Мне дазволілі сустрэчу, якая доўжылася гадзіну. Мікіта не прызнае прысуд, ён прадстаўляецца як «незаконна арыштаваны», адмаўляецца падпісваць паперы і выконваць патрабаванні, якія яму прад'яўляюць. Таму ён увесь час атрымлівае пакаранні і трапляе ў карцэр. Калі я з ім размаўляла, я прасіла падумаць, што здароўя карцэр не прыносіць. І каб ты нешта мог змяніць у краіне, то ты павінны быць здаровы. Але ён мне сказаў : «Мама, мне нескладана нешта зрабіць, выканаць іх умовы, але я не магу. Падняўшы рукі на зарадцы, я прызнаю сябе вінаватым». Ён у мяне пытаў пра апошнія прысуды і калі ён пачуў, што Усу далі 5 гадоў, то ён сказаў: «Мама, а ты мяне просіш падняць рукі». Ён не можа».
Еўрарадыё: Калі вы з ім сустракаліся, як ён выглядае? Як, на ваша меркаванне, яго здароўе?
Ліхавід: «Ад майго дзіцёнка засталася палова таго, калі ён пайшоў на Плошчу 19 снежня. Ён страшна схуднеў – запалі вочы, абвастрыўся нос, цёмныя кругі пад вачыма. Бо з карцэру іх не выводзяць на вуліцу і ён казаў, што ён дыхае ў фортку. У яго былі вельмі халодныя рукі і я ўвесь час спрабавала іх грэць. Мне балюча нават узгадваць».
Еўрарадыё: Ці ведае Мікіта аб тым, што для тых, хто часта трапляе ў карцэр, вельмі складана дамагчыся ўмоўнага вязвалення?
Ліхавід: «Ён ведае пра гэта. Акрамя штрафонга ізалятара, яго ужо пазбавілі двух спатканняў. Ён ведае, што на ўмоўна датэрміновае вызваленне знаходжанне ў карцары таксама ўплывае, яго могуць проста не выпусціць. Таксама ёсць артыкул, што яму могуць дадаць тэрмін за злоснае парушанне рэжыму і перавесці ў турму… Ён кажа, што ён гатовы. Я не ведаю, адкуль у майго дзіцёнка ў 20 гадоў столькі моцы і я, канешне, хачу, каб ён гэта ўсё вытрымаў. Я стараюся яго падтрымліваць, пішу яму кожны дзень. Я спадзяюся, што іх пачнуць выпускаць».

Гутарка з Будзімірам
Еўрарадыё: Вы галадалі 20 дзён у падтрымку Мікты Ліхавіда. Ці зараз працягваеце сачыць за яго лёсам?
Будзімір: «Безумоўна. І я ім ганаруся. Верагодна, ён адзіны, хто адмовіўся вызнаваць сябе законна асуджаным непасрэдна ў турме. Адмовіўся выконваць загады адміністрацыі, гэта цудоўна, але я за яго вельмі перажываю, бо, на колькі мне вядома, здароўя ў яго не надта моцнае, а карцэр – гэта цяжка. Таму я заклікаў сваіх фрэндаў у некаторых суполках прынамсі пісаць яму лісты, дасылаць тэлеграммы падтрымкі».
Еўрарадыё: Ці ёсць звесткі, ці дасылалі Ліхавіду лісты, тэлеграмы?
Будзімір: «Пакуль дакладных свестак у мяне няма. Але лісты і тэлеграмы яму дакладна адпраўляюць і адпраўлялі. Хацелася б ведаць, ці ў штафны ізалятар перадаюць іх… Нібыта так, таму спадзяюся, што яны да яго дойдуць».
Еўрарадыё: Вы у ЖЖ пішаце посты на тэму Мікіты Ліхавіда. І беручы шырэй – увогуле на тэму палітвязняў. На колькі актыўна наведнікі блога падтрымліваюць дыялог на гэтую тэму?
Будзімір: «На жаль, на гэтую тэму не надта актыўна. Людзі на такія рэчы не так актыўна рэагуюць, а трэба рэагаваць. Мікіта ён там не толькі за сябе змагаеццца, ён змагаецца за годнасць усіх палітвязняў, усіх нас, хто прынамсі удзельнічаў у Плошчы».