Маладыя настаўнікі пасля размеркавання бягуць са школы
А замест іх працуюць пенсіянеры.
“Школа — не тое месца, дзе бы я хацела працаваць шмат часу. Я мэтанакіравана ведала, што пройдзе 2 гады і я звольнюся. Вялікая колькасць пісаніны, непатрэбнай працы, справаздачнасці”, — гаворыць Ірына, якая адпрацавала па размеркаванні 2 гады настаўніцай гісторыі.
Цяпер яна дызайнер, атрымоўвае ў 2,5 разы больш за школьны заробак. З дзецьмі бачыцца і цяпер, бо працаваць з імі ёй падабалася. На замену ёй прыйшоў новы малады спецыяліст. Напэўна, таксама на 2 гады.
"Чаму ж настаўнікі бягуць са школы? Можа ім нестае добрых умоваў для працы?" — пытаемся мы ва Упраўленні адукацыі Магілёўскага аблвыканкаму.
“Чаму сыходзяць? Сыходзяць у іншыя сферы. У асноўным, маладыя спецыялісты. Адпрацоўваюць два гады і ўсё. Невысокія заробкі, адсутнасць жылля. Ды і прэстыжу ў прафесіі ніякага. Прыйшло маладых спецыялістаў толькі 490, а мінулыя гады было 530, 560”, — скардзіцца супрацоўніца Упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкаму.
А замест маладых настаўнікаў у вясковых школах выкладаюць пенсіянеры.
“Сталеюць нашы педагогі. Шмат пенсіянераў у нас працуе. Фізікі, матэматыкі, хімікі. У адным месцы ў нас пенсіянер 1942-га году нараджэння працуе настаўніцай нямецкай мовы на вёсцы”.
У раённых школах настаўнікі звальняюцца, бо не хапае вучняў. Так, у школе ў мястэчку Целяханы на Брэстчыне кожны год колькасць вучняў скарачаецца на 10-20 чалавек. Менш робіцца і настаўнікаў.
“У нас даўно змяншаецца колькасць вучняў і паступова сыходзяць пенсіянеры”.
Штогод са школы звальняецца 2-3 чалавекі. Маладыя спецыялісты не прыходзяць.
А ў вось у гарадах праблемаў са школьнымі кадрамі амаль няма. У гродзенскім упраўленні адукацыяй цвердзяць, што настаўнікаў, наадварот, будзе больш. У сталіцы таксама няма праблемаў з педагогамі.
“Мы выйшлі па колькасці вучняў на лічбы мінулага году. Таму настаўнікаў менш не стане. Ёсць класы, ёсць праца, ёсць гадзіны. Ніхто такой праблемы не ставіў”, — кажуць ва Упраўленні адукацыі Кастрычніцкага раёна Мінска.
Яно і не дзіўна, бо педагагічны ўніверсітэт штогод выпускае гвардыю спецыялістаў, якія потым застаюцца працаваць у сталіцы.
У Міністэрстве адукацыі, не бачаць праблемы ў сыходзе настаўнікаў. Маўляў, дзяцей становіцца менш. А ў школу, паводле чыноўнікаў, на замену пенсіянерам прыходзяць маладыя спецыялісты.
“У нас штогод праходзіць размеркаванне. Вобразна кажучы, пенсіянеры сыходзяць, маладыя прыходзяць Ідзе аптымізацыя, дзяцей становіцца менш. Праблемы недахопу няма. Тыя рэгіёны, якія рабілі заяўкі на выпускнікоў ВНУ, атрымалі кадры”.
Тым часам Нацыянальны статыстычны камітэт паведамляе, што за першае паўгоддзе 2011 з адукацыйнай сферы звольнілася 34 тысячы чалавек, а на працу прыйшло толькі 24 тысячы.
Фота:www.runyweb.com