Максім ўжо два гады праходзіць дактыласкапію
Хлопец не адмаўляецца, а проста патрабуе паказаць дакумент, паводле якога павінен здаць адбіткі пальцаў.
“У першы раз мяне запрашалі яшчэ, напэўна, гады два таму. Як толькі ўвялі закон, быў прыняты закон аб дактыласкапіі. Але тады мяне, магчыма, толькі пару разоў запрасілі, спрабавалі даслаць позвы. Я не рэагаваў”, -- расказвае Еўрарадыё 24-гадовы Максім Кавалёў.
Ён вырашыў быць прынцыповым. Раз патрабуюць здаць адбіткі пальцаў, значыць мусяць паказаць дакумент, паводле якога гэта неабходна зрабіць. Аднак міліцыянты толькі просяць здаць адбіткі “па-харошаму”.
“Месяцаў шэсць таму мяне пачалі мутосіць. Тэлефанавалі мне двойчы на тыдзень. І кожны раз прасілі прыехаць да іх. То прапаноўвалі, каб яны да мяне прыехалі дадому”.
Кавалёў нават звярнуўся ў Міністэрства унутраных спраў з просьбай выслаць яму копію пастановы, якая б абавязвала здаваць адбіткі, калі ў цябе ўжо ёсць ваенны білет. Адказ прыйшоў ад кіраўніка Магілёўскага экспертна-крыміналістычнага цэнтра Андрэя Шабаліна. Ён пісаў, што пастанову МУС аб дактыласкапіі грамадзян, якія знаходзяцца ў запасе, паказаць Кавалёву не можа, бо прызначаная выключна для “службовага карыстання”.
“У РАУСе абяцалі паказаць гэты дакумент. Я да іх прыехаў для дактыласкапіі. Мне сказалі пачакаць, зараз за мной выйдзе малады чалавек. Я паўгадзіны стаяў. Ніхто да мяне так і не выйшаў, таму я вырашыў, што гэта ім не вельмі ўжо і трэба”.
У Еўрарадыё таксама не атрымалася даведацца, што напісана ў таямнічай пастанове МУС аб дактыласкапіі грамадзян, што залічаныя ў запас Узброеных сіл. У магілёўскім экспертна-крыміналістычным цэнтры нам паведамілі, што гэтыя дакументы – для ўнутранага карыстання. Няма згаданай пастановы і на нацыянальным прававым партале.
Наткнуўшыся на юнацкія прынцыпы, міліцыянты паспрабавалі запалохаць Кавалёва складаннем пратакола аб правапарушэнні.
“Сказаў, што будзе складаць пратакол. Хаця я дзесяць разоў сказаў, што не адмаўляюся. А проста няма падставаў”.
Максім кажа, што здаваць адбіткі пальцаў без юрыдычных падстаў не будзе.