Магілёўскі аблвыканкам адхрышчваецца ад галасавання за Алёну Ланскую
Асіповіцкія школьнікі, апытаныя Еўрарадыё, кажуць, што іх не прымушалі адпраўляць смскі ў падтрымку магілёўскай артысткі.
Раніцай пасля фінала “Еўрафэста” у інтэрнэце з'явіўся дакумент, у якім аддзел адукацыі Асіповіцкага райвыканкама даручае школьнікам падтрымаць Алёну Ланскую. Загад аддаецца “у адпаведнасці з даручэннем упраўлення адукацыі” і заключаецца ў тым, каб “правесці арганізацыйную працу і арганізаваць смс-галасаванне у яе падтрымку з боку навучэнцаў”.
Таксама дакумент змяшчае папярэджанне: “Вынікі конкурса ў разрэзе кожнага раёна будуць адсочвацца ўпраўленнем адукацыі”.
Аднак ва Ўпраўленні адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Еўрарадыё паведамляюць, што не спрабавалі ўплываць на ход галасавання падчас “Еўрафэста”:
“Гэта ж было інтэрактыўнае галасаванне, па тэлефоне і смскамі. Мы да гэтага ніякага дачынення не маем”.
Еўрарадыё выбарачна апытала навучэнцаў з некалькіх асіповіцкіх школ. Ніхто з іх не прызнаецца, што яго прымушалі галасаваць за Алёну Ланскую. Гэта сведчыць ці пра тое, што дакумент, які гуляе па інтэрнэце, — падробка, ці пра тое, што ў асіповіцкіх школах да загаду з гарвыканкама паставілася без належнай адказнасці.
Ніяк пакуль што не каментуе кампраментуючы дакумент і Аляксандр Шакуцін, заснавальнік прадзюсарскага цэнтра “СПАМАШ”, топавай артысткай якога з'яўляецца Алёна Ланская:
“Аляксандр Васілевіч папрасіў патэлефанаваць у панядзелак, бо на гэтым тыдні ён вельмі шчыльна працуе з дэлегацыяй, і часу ў яго не будзе”, — адказваюць Еўрарадыё ў прыёмнай бізнэсоўца.
Фота: БелТА.