Мінчукі вераць у сябе і ў людзей

Супрацоўнікі "ЗЕРКАЛО-ИНФО" паспрабавалі ўдакладніць, як за апошні год змянілася ўпэўненасць жыхароў беларускай сталіцы ў будучыні, як змянілася іх вера ў людзей і вера ў сябе.

Найбольш важкай, значнай у апытаных мінчукоў апынулася вера ў сябе. У кожнага трэцяга рэспандэнта (30%) вера ў сябе за мінулы год умацавалася. У кожнага другога яна не змянілася (52%). Толькі ў 8% жыхароў мегаполіса вера ў сябе аслабла.

Больш за палову апытаных мінчукоў (54%) захавалі летась веру ў людзей. У кожнага дзясятага гараджаніна гэтая вера нават умацавалася (12%). Праўда, ледзь не кожны пяты рэспандэнт (19%) страціў веру ў суграмадзян.

Найбольшыя метамарфозы адбываюцца на сёння з упэўненасцю грамадзян у будучыні. Адносная большасць (46%) рэспандэнтаў адзначыла, што за мінулы год іх упэўненасць "засталася такая ж". А 8% апытаных мінчукоў прызналіся, што ў іх "не было і няма" ўпэўненасці ў будучыні. І прыкладна аднолькавая колькасць грамадзян паказала як на "ўмацаванне" (19%), гэтак і на "паслабленне" (18%) асабістай упэўненасці ў будучыні.