Мінінфарм: У нас былі ўсе падставы звяртацца ў суд
Міністэрства інфармацыі звяртаецца ў суд з патрабаваннем аб спыненні выхаду “Нашай нівы” і “Народнай волі”.
Як паведаміла Еўрарадыё намесніца начальніка прававога упраўлення Міністэрства інфармацыі Галіны Пархімовіч, звяртацца ў суд з патрабаваннем аб спыненні выхаду “Нашай нівы” і “Народнай волі” ў іх былі ўсе падставы. Па яе словах, цягам года “Народная воля” атрымала чатыры папярэджанні, “Наша ніва” – тры. А для спынення выхаду газеты ў адпаведнасці з законам “Аб СМІ” дастаткова трох папярэджанняў.
Галіна Пархімовіч: “Для гэтага ёсць падставы, рашэнне было прынята і такім чынам зрабілі. Па-мойму, чатыры папярэджанні было цягам года апошняга (у “Народнай волі”. – Еўрарадыё.), а ў іх (“Нашай нівы”. – Еўрарадыё.) – тры. Баюся памыліцца, гэта трэба паглядзець статыстыку – гэта я вам “на вока” сказала”.
Нагадаем, сваё апошняе папярэджанне “Наша ніва” атрымала 14 красавіка. Тады падставай для папярэджання стала публікацыя на старонках газеты недакладнай інфармацыі аб тым, што адна з ахвяраў тэракту 11 красавіка нібыта знаходзілася на станцыі да позняга вечара. А 15 красавіка было вынесенае папярэджанне на адрас рэдакцыі газеты "Народная воля" "ў сувязі з распаўсюдам выданнем звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і ганьбяць справавую рэпутацыю Белтэлерадыёкампаніі".
Чаму Мініфармацыі звярнулася ў Вышэйшы гаспадарчы суд толькі зараз, Галіна Пархімовіч патлумачыла проста:
“Вырашылі зараз – і ўсё! Нічым гэта не выклікана, проста вырашылі зараз”, – патлумачыла дзеянні міністэрства чыноўніца. Што ж тычыцца таго, хто будзе прадстаўляць інфарэсы Мінінфармацыі падчас суда, то, кажа Галіна Пархімовіч, хто будзе з супрацоўнікаў іх упраўлення вольны, таго і накіруюць.