Лябедзька: Раманчук пакляўся — ніякай залежнасці ад "тых" структур не мае

У гэтым палітык прызнаўся пасля доўга “допыту” карэспандэнтам Еўрарадыё.

На сваім пасяджэнні 29 красавіка палітрада Аб’яднанай грамадзянскай партыі вырашыла сабраць разам вядомых незалежных эканамістаў і распрацаваць праграму першачарговых мер па выйсці Беларусі з эканамічнага крызісу. Старшынёй Экспертнага савета прызначылі былога кіраўніка Нацбанка Станіслава Багданкевіча. І далі яму заданне распрацаваць дакумент як мага хутчэй, каб перадаць яго проста ў рукі прэм’ер-міністру Міхаілу Мясніковічу. Для выканання.

Сярод экспертаў, якіх запрасілі да супрацоўніцтва над праграмай, — Леанід Заіка, Леанід Злотнікаў, Міхаіл Чыгір, Сяргей Чалы, Павел Данэйка і яшчэ больш за 10 імёнаў. Вось толькі прозвішча эканаміста экс-кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Рамачука не прагучала. Але Лябедзька ўпэўніў, што яго таксама мабілізуюць.

Анатоль Лябедзька: “Менавіта пры распрацоўцы эканамічнай праграмы мы разлічваем на патэнцыял Яраслава Раманчука, які, на мой погляд, быў, і ёсць, і будзе чалавекам, які дасведчаны ў эканоміцы, парады і веды якога трэба выкарыстоўваць”.

У той жа час карэспандэнт Еўрарадыё звярнуў увагу на тое, што ні на пасяджэнні палітрады 7 красавіка, адразу пасля вызвалення Лябедзькі з СІЗА КДБ, ні сёння не прысутнічаў сябра гэтай структуры, намеснік старшыні партыі, экс-кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук. І пацікавіўся прычынамі гэтага і статусам палітыка-эканаміста ў АГП .

Анатоль Лябедзька: “Вы мяне прымушаеце выварочваць душу! У мяне толькі вось зараз адбылася сустрэча, на якой я задаў галоўнае пытанне Яраславу Раманчуку: “Яраслаў! Мы з табой з’елі не адзін пуд солі і для мяне найгалоўнейшым пытаннем з’яўляецца: якая ступень тваёй залежнасці ад тых людзей і тых структур? Адкажы так, як яно ёсць, бо ўсё адно праўду я даведаюся — ці праз год, ці праз 2, ці праз 10". Ён мне пакляўся-пабажыўся, што ніякай залежнасці ні ў падпісанні нейкіх дакументаў, ні ў выглядзе нейкага кампрамату ў яго ці на яго не існуе. Я жывы чалавек, я хачу арыентавацца на пазітыў, і для мяне гэта быў вельмі важны адказ, які прагучаў”.Вы мяне прымушаеце выварочваць душу!




Што тычыцца сваіх цяперашніх асабістых адносінаў з Раманчуком, то Лябедзька прызнаўся, што пасля “амерыканкі” ён стаў больш памяркоўным.

Анатоль Лябедзька: “У Яраслава, я так адчуваю, ёсць пэўны дыскамфорт ад усяго таго, што адбылося. Але я мушу прымаць да ведама тое, калі чалавеку гавораць: “Калі ты нешта не зробіш зараз і цяпер, то мы гэтага чалавека проста знішчым фізічна. Таму чалавеку трэба даць магчымасць пабыць з самім сабой. Таму я не “налягаю” на нейкія сустрэчы. Галоўнае пытанне я задаў, нейкія свае ўяўленні ад сітуацыі я маю, бо сустракаўся з велізарнай колькасцю людзей. Гэта ўсё трэба пакласці на шалі і канчаткова паставіць кропку ў тым, што было, і глядзець наперад”.

А наперадзе, кажа, апроч працы над праграмай першачарговых мер па выйсці Беларусі з эканамічнага крызісу, — спроба ініцыяваць унясенне зменаў у выбарчае заканадаўства і правапрымяняльную практыку. Бо без адпаведных зменаў удзел АГП у будучых парламенцкіх выбарах бачыцца бессэнсоўным, мяркуе Лябедзька.

Яшчэ наперадзе — чыстка партыйных шэрагаў. Сённяшняе рашэнне палітрады запатрабавала ад партыйцаў, якія займаюць адказныя пасады не толькі ў АГП, але і ў іншых сілах, партыях ці рухах, — вызначыцца. І абраць, дзе, на якім крэсле яны застаюцца сядзець.



Да ўсяго АГП прыняла сёння заяву ў падтрымку “Народнай волі” і “Нашай Нівы”, якія могуць быць зачыненыя праз суд з ініцыятывы Мінінфармацыі.

Фота і відэа Змітра Лукашука