Лукашэнка: “Не звярнуцца – будуць сядзець у турме!”
Еўрарадыё адсачыла, як у кіраўніка краіны цягам года праяўляліся “прынцыпы гуманнасці”
Год 2011 стаў надзвычай багатым на праявы “прынцыпаў гуманнасці” кіраўніком краіны. Што нечакана – у дачыненні да сваіх палітычных апанентаў. Так, 11 жніўня Лукашэнка памілаваў першых дзевяць вязняў, асуджаных па справе аб масавых беспарадках 19 снежня. 1 верасня былі памілаваныя яшчэ чацвёра.
І ў гэтых ж “Дзень ведаў” стала вядома, колькі каштуе прэзідэнцкая гуманнасць – 2 мільярды еўра. Дакладней – абяцанне гэтых мільярдаў. 1 верасня высветлілася, што памілаванню другой групы палітвязняў папярэднічала таемная сустрэча Лукашэнкі з міністрам замежных спраў Балгарыі Мікалаем Младэнавым. І, нібыта, падчас гэтай сустрэчы, сцвярджае газета Rzeczpospolita, Младэнаў павінен быў прапанаваць Лукашэнку аднаўленне ўзаемаадносінаў з Еўрасаюзам і 2 мільярды еўра ў абмен на вызваленне ўсіх палітзняволеных да канца 2011 года.
Факт сустрэчы свайго міністра з кіраўніком Беларусі ў МЗС Балгарыі пацвердзілі, інфармацыю пра грошы – катэгарычна адмовілі. Паведамленне, што Лукашэнка паабяцаў Младэнаву вызваліць да 28 жніўня чатырох вязняў, у адносінах да яшчэ двух – зняць абвінавачанні, а ўсіх астатніх вызваліць да пачатку кастрычніка – не пракаментавалі.
Аднак ужо 14 верасня быў падпісаны ўказ аб памілаванні яшчэ 11 палітвязняў. Прычым, калі першыя 13 асуджаных былі памілаваныя на падставе іх прашэнняў на гэты конт, то гэтыя 11 з трэцяй “партыі” – ніякіх прашэнняў не пісалі. І гэта памілаванне стала пікам праявы прэзідэнцкай гуманнасці. Наступны і пакуль апошні яе прыступ быў у Лукашэнкі 1 кастрычніка – менавіта ў гэты дзень быў памілаваны экс-кандыдат у прэзідэнты, інвалід ІІ групы Дзмітрый Ус. На свабоду ён выйшаў проста з турэмнага шпіталя.
Увогуле ж, у вязніцы не пабывалі толькі 4 кандыдаты ў прэзідэнты з 10: Цярэшчанка, Раманчук, Кастусёў і Лукашэнка. Някляеў і Рымашэўскі былі асуджаныя без “пасадкі”, Міхалевіч – падпісаў згоду на супрацоўніцтва з КДБ і ўцёк за мяжу, Лукашэнка стаў прэзідэнтам, Статкевіч і Саннікаў да гэтага ў зняволенні – на іх гуманізму не хапіла. Хаця...
Лукашэнка: “Памілую чалавека, і магу памілаваць таго чалавека, які да мяне звернецца. Не звярнуцца – будуць сядзець у турме!”
А яшчэ сёлета беларусы прыдумалі сваю нацыянальную акцыю пратэсту, якая цалкам адпавядае нашаму менталітэту – пратэсту маўклівага. Гэта калі людзі выходзілі на вуліцы і плошчы гарадоў, маўчалі ды пляскалі ў ладкі, маўчалі і ўключалі званкі на мабільных, маўчалі і ... нічога апроч гэтага не рабілі. Праўда, гэта не ўратавала сотні ўдзельнікаў тых вельмі беларускіх рэвалюцый свядомасці ад “сутак”, буйных штрафаў, міліцэйскага збіцця. Як вынік – дэпутаты прынялі закон “больш трох не збірацца”, а беларусы выказалі і з гэтай нагоды пратэст ды збірацца на акцыі перасталі. Любыя. Нават на Народны сход не пайшлі.
Але надыходу спакою ў грамадстве перашкодзілі ўлады і распачалі новы гучны судовы працэс – абвінавацілі кіраўніка праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. І асудзілі яго такі на 4,5 года калоніі. Так напярэдадні новага года ў краіне з’явіўся новы палітзняволены.