Літву заклікалі не баяцца страціць вагон з угнаеннямі ў порце Клайпеды

130327_eurafokus.mp3

Давалі парады літоўскім палітыкам госці з Беларусі — палітыкі і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. На адмысловай канферэнцыі ў Сейме Літвы шукалі адказ на пытанне "Што чакаць Беларусі ад старшынства Літвы ў Еўрасаюзе?".

Пажаданні беларусаў былі чаканыя. Каротка іх агучыў палітолаг Юрый Чавусаў.


Юрый Чавусаў: “Зараз беларускі бок больш слабы. Ён, калі не зрабіў крок насустрач, то дэманструе зацікаўленасць у працэсе нармалізацыі адносінаў. І тут трэба прытрымлівацца звычайных законаў гандлю: пазіцыя павінна быць цвёрдай — не саступаць у гэтым прынцыповым пытанні палітвязняў. У гэтай сферы ніякіх саступак быць не можа”.




Практычна таго ж ад літоўскай улады патрабавалі і старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч, і галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна, і праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Старшыня БАЖ Жанна Літвіна звярнула ўвагу на праблемы незалежных СМІ і журналістаў.



Намеснік старшыні камісіі еўрапейскіх спраў Сейма Літвы Эмануэліс Зінгерыс прызнаецца: яшчэ да пачатку канферэнцыі яму перадалі свае просьбы сваякі палітвязняў. Іх тры: прынцыпова настойваць на вызваленні палітзняволеных і іх поўнай рэабілітацыі, а таксама “стварыць умовы, каб магчымая адліга ў адносінах Мінска і Бруселя напярэдадні саміта “Усходняга партнёрства” ў Вільні не была фіктыўнай”.

І яны гэта будуць рабіць, упэўнівае віцэ-міністр замежных спраў Літвы Андрус Крывас.

Андрус Крывас: “Старшынства ў ЕС будзе для нас важным дыпламатычным выпрабаваннем. Мы хочам скарыстацца ім у прасоўванні дэмакратыі ў суседняй краіне. Але цяпер мяч знаходзіцца на баку беларускіх уладаў — мы можам толькі спрыяць аднаўленню дыялогу паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Калі яны прадэманструюць рэальнае жаданне і зробяць першы крок. Сутнасць гэтага першага кроку зразумелая: вызваленне і поўная рэабілітацыя палітвязняў. Мы, безумоўна, на гэтым будзем настойваць”.




“І не трэба баяцца — трэба ваяваць адказна, не баючыся страціць вагон з калійнымі ўгнаеннямі ў порце Клайпеды", — заклікае былы дэпутат Сейма Саўлюс Печэлюнас.


Іншая справа, што старшынства ў Еўрасаюзе не дае краіне-старшыні ніякіх асаблівых паўнамоцтваў. Да прыкладу, фармаваць знешнюю палітыку ЕС. Калі толькі — узнімаць асобныя пытанні і праблемы. Таму больш надзеі, прызнаюць літоўскія ўдзельнікі канферэнцыі, не на само старшынства, а на саміт “Усходняга партнёрства”, які Літва правядзе ў Вільні 28 лістапада і на які прыедуць усе кіраўнікі ЕС і краін-партнёраў. Тут былы прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубіліюс агучыў дзіўны сродак уплыву на сітуацыю ў Беларусі.


Андрус Кубіліюс: “Вельмі істотным будзе на віленскім саміце “Усходняга партнёрства” падпісанне дамоўленасці аб асацыяцыйным сяброўстве ў ЕС з Украінай — каб Украіна сапраўды зрабіла крок у бок Еўропы. Гэта будзе вялізны ўплыў на ўсю прастору “Усходняга партнёрства” — у тым ліку і на перспектывы Беларусі”.


Кожны раз краіна-арганізатар саміта “Усходняга партнёрства” абірае яго асноўную тэму. Літва адмыслова абрала “не транспарт, не энергетыку, а правы чалавека”. І нават запланавала паралельны саміт на гэту тэму — для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. На які адмыслова запросяць спецдакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклаша Харашці.

Фота: Змітра Лукашука