Ліст Саннікава з казкай пра Ксенафонта Суперфасфатава не пусцілі да жонкі
Падчас спаткання з мужам Ірына Халіп зладзіла флэшмоб – звялі разам Саннікава і Бандарэнку
18 ліпеня Ірына Халіп мела гадзіннае спатканне з мужам, экс-кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Саннікавым. У часе спаткання Ірына разам з жонкай іншага вязня – Вольгай Бандарэнкай – зладзілі невялікі флэшмоб.
Ірына Халіп: “Далі спатканне, мы пабачыліся. Прычым адначасова атрымала спатканне з мужам Вольга Бандарэнка. Гэта была яе ідэя – пайсці ў адзін дзень, адзін час і каб гэта была адна змена. Каб Дзіма і Андрэй пабачылі адзін аднаго. І яны пабачыліся, і нават паспелі перакінуцца некалькімі словамі, пакуль іх вялі ў пакой для спатканняў! Нас, вядома, з Воляй рассадзілі – яе ў першую кабінку, мяне ў апошнюю. Але ўсё-такі нашыя мужы і памахаць рукамі адно аднаму змаглі, і слоўцам перакінуцца”.
Ірына Халіп, Андрэй Саннікаў, Зміцер Бандарэнка. 19 снежня 2010 года, плошча Незалежнасці.
Ірына распавядае, што Андрэй Саннікаў вымушаны прапускаць прагулкі на паветры, каб… Пісаць ёй лісты!
Ірына Халіп: “Андрэй бадзёры, але ён стомлены дзіка, у вельмі цяжкіх умовах. У камерах пад 35 градусаў, часта адключаюць электрычнасць і не працуюць вентылятары. Ён кажа, што вымушаны адмовіцца ад прагулак для таго, каб напісаць мне ліст. Таму што калі ўся камера з людзьмі, няма проста месца, дзе гэта зрабіць. А калі не пайсці на прагулку, можна спакойна сесці і пісаць”.
Паколькі вязьні знаходзяцца ў інфармацыйным вакуўме, у часе спаткання Ірына распавядала мужу апошнія падзеі. У тым ліку і пра маўклівыя акцыі па серадах.
Ірына Халіп: “Я чула меркаванне палітолагаў, што акцыі пратэсту па серадах быццам бы замінаюць вызваленню палітвязняў. Маўляў, калі б усё было ціха – то і ўлада б так не звярэла. І тады, можа, іх бы выпусцілі. Андрэй сказаў: “Магчыма так. Але я ніколі б не хацеў выйсці з турмы коштам адмовы людзей ад сваіх пратэстаў. Я падтрымліваю, няхай пратэстуюць, няхай выходзяць. Нельга гэта спыняць”.
Найбольш Ірыну Халіп здзіўляе выбаркавасць турэмнай цэнзуры. Прапускаюць рэчы, якія, здавалася б, не павінны. А не даходзяць лісты… з казкамі!
Ірына Халіп: “Ён пакуль яшчэ не атрымліваў маіх лістоў з нейкімі выкрэсленымі кавалкамі. А ягоныя лісты ці даходзяць, ці ўвогуле не даходзяць. Я не разумею, як працуе гэтая цэнзура… Яго лісты, у якіх ён параўноўваў расследванне ваеннай пракуратурай катаванняў у СІЗА КДБ з тым, як следчы абверу расследуе, што адбываецца ў гестапа – гэта дайшло! Калі ён разважаў, што няма судоў, а ёсць карнікі – гэта ўсё таксама дайшло! А калі ён, каб павесяліць мяне, напісаў казачку пра тлустага хлопчыка, які марыў ператварыцца ў падлюгу. А калі сапраўды ператварыўся, вырашыў змяніць прозвішча на больш гучнае, і яму ў пашпартным стале прапанавалі такое імя – Ксенафонт Суперфасфатаў… Вось гэтая казачка не дайшла!”
Ірына Халіп просіць цэнзуру не перахопліваць казкі яе мужа Андрэя Саннікава.
Нагадаем, экс-кандыдат на прэзідэнта Андрэй Саннікаў прысуджаны да пяці гадоў калоніі пасля падзеяў 19 снежня на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Ягоная жонка Ірына Халіп за тыя ж падзеі пакараная двума гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкаю выканання прысуду на два гады.
Фота: bymedia