Лібералізацыя: прадпрымальнікі вядуць да 50 журналаў уліку і інструктажу
І за адсутнасць запісу ў “журнале ўліку выдачы працоўнай вопраткі” можна атрымаць ад 175 тысяч штрафу
Прэзідэнцкі дэкрэт пра неабходнасць лібералізацыі пакуль ніяк не адбіўся на колькасці розных дакументаў, якія неабходна запаўняць кіраўнікам прыватных прадпрыемстваў.
Па словах бухгалтара аднаго з прыватных унітарных прадпрыемстваў, так званага “чупа”, Алены Беляковай, розных журналаў уліку, інструктажу і гэтак далей яна павінна весці каля 50!
Алена Белякова: “На прадпрыемстве, у дачыненні да розных раздзелаў – кадравага і гэтак далей, не менш за 50, а то і больш нават розных журналаў трэба весці”.
Асабліва шмат патрабаванняў да вядзення дакументацыі па ахове працы. Гэта і “журнал па вядзенні інструктажу па ахове працы”, і “журнал уліку выдачы працоўнай вопраткі”, і шмат яшчэ якіх. Па словах бухгалтара, весці іх усе няма магчымасці нават на вялікіх прадпрыемствах.
Алена Белякова: “Вельмі шмат розных журналаў. Але, шчыра скажу, што ніводнае прадпрыемства ў тым аб’ёме, у якім усё павінна весціся па ахове працы, не ўстане ўсё весці. Трэба тады браць асобнага чалавека, які будзе весці гэтыя журналы па ахове працы”.
Пакараннем за неахайнае вядзенне журналаў можа стаць штраф. У памеры ад 175 тысяч рублёў і вышэй. Наколькі вышэй можа быць выпісаны правяраючымі штраф, нават галоўны бухгалтар адказаць не здолела. А яшчэ ж ёсць бухгалтэрыя, кадры, шмат іншага, дзе неабходна весці не на шмат менш розных журналаў, чым у выпадку з аховай працы. Нават вываз смецця патрабуе шмат папяровай працы.
Алена Белякова: “Той жа вываз смецця: калі яго весці ў тым парадку, які патрабуе інструкцыя, то таксама асобны супрацоўнік павінен удзяляць увагу ўліку таго, колькі смецця назапашана, колькі вывезена, выконваць інструкцыі па захоўванні”...
Браць жа на працу асобнага чалавека, каб той вёў такія журналы, прадпрымальніку не дазваляюць фінансавыя магчымасці. Таму, мяркуе бухгалтар, як мінімум палову з гэтых “журналаў” неабходна проста скасаваць.
Дырэктар юрыдычнай кампаніі Алена Качкова, расказала Еўрарадыё, што яны аказваюць паслугі прадпрымальнікам па рэгістрацыі прыватных унітарных прадпрыемстваў. І, кажа, адразу папярэджваюць кліентаў пра неабходнасць падрыхтавацца да вядзення вялікай колькасці дакументацыі і журналаў уліку ды інструктажу. Колькасць якіх залежыць ад абранай сферы дзейнасці.
Алена Качкова: “Колькасць журналаў наўпрост звязаная з накірункам сферы дзейнасці. У сферы будаўніцтва шмат журналаў, якія тычацца аховы працы, бо гэта траўманебяспечная вытворчасць. Калі мы кажам пра транспартнікаў, то ў іх абавязкова павінен быць “журнал абавязковага асведчання кіроўцаў перад выездам на лінію”, якое медсупрацоўнік робіць. Абавязкова мусіць быць “журнал уліку тэхнічнага стану транспартнага сродку”. У сферы грамадскага харчавання свой пералік журналаў, дастаткова вялікі. Яны звязаныя з выкананнем санітарных нормаў, пажарных нормаў”.
Што ж тычыцца меркавання наконт неабходнасці такой колькасці журналаў, то Алена Качкова выказалася як юрыст асцярожна.
Алена Качкова: “На прадпрыемстве, якое аказвае юрыдычныя паслугі, “журнал уліку інструктажу па тэхніцы бяспекі” весці, напэўна, не вельмі правільна. Бо максімум што магчыма на такім прадпрыемстве – гэта засунуць пальцы ў разетку, іншых варыянтаў няма”.
Старшыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў пагадзіўся, што розных журналаў, асабліва па ахове працы і кадравым справаводстве, прадпрымальнікам даводзіцца весці вельмі шмат. З прапановай аб іх змяншэнні канфедэрацыя звярнулася ў адпаведныя міністэрствы і ведамствы. І, кажа, у межах выканання прэзідэнцкай дырэктывы наконт лібералізацыі, гэта змяншэнне адбудзецца. Прычым, не пазней за 3 квартал бягучага года. Але застаюцца нават больш важныя, чым гэтыя журналы, праблемы, да якіх лібералізацыя ніяк не дойдзе.
Віктар Маргелаў: “Я наконт журналаў асабліва не сумняваюся – іх скароцяць. А вось што тычыцца ўвогуле рэалізацыі Дырэктывы, то там ёсць рэчы нашмат больш сур’ёзныя. Міністэрства па падатках і зборах апублікавала праект указа, які павялічвае верхнюю мяжу спрошчанай сістэмы падаткаабкладання да 12 мільярдаў. Як і напісана ў Дырэктыве. Але яны зрабілі толькі для тых, хто плаціць НДС. А тым хто не выплачвае, то ім як была найбольшая выручка 1 мільярд, так і засталася”.
Больш за ўсё прадпрымальнікі чакаюць лібералізацыі ў падаткаабкладанні. Хаця і праца па запаўненні дзесяткаў розных журналаў жыццё не аблягчае.