Лазавік не сказаў, якія змены ўносяцца ў выбарчае заканадаўства
Цэнтрвыбаркам падрыхтаваў і накіраваў на экспертызу законапраект аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Выбарчы кодэкс.
Аднак, якія канкрэтна змены прапануецца ўнесці ў выбарчае заканадаўства, сакратар ЦВК агучваць адмовіўся. Маўляў, гэта не функцыя Цэнтрвыбаркама нешта агучваць і абмяркоўваць. Пасля таго, як законапраект будзе перададзены ў Палату прадстаўнікоў, пачнецца яго абмеркаванне.
Тым не менш, Мікалай Лазавік запэўніў, што кардынальных зменаў і прапановаў у апошнюю версію законапраекта апошнім часам не ўносілася. Не падштурхнуў ЦВК да гэтага нават нядаўні візіт у нашу краіну місіі БДІПЧ АБСЕ.
130411_lazavik.mp3
Лазавік: “Гэта былі не тыя людзі, якія былі ўпаўнаважаныя даваць нейкія дадатковыя рэкамендацыі. Яны проста прыехалі азнаёміцца з тым, як намі успрымаюцца рэкамендацыі, выказаныя ў выніковай справаздачы місіі БДІПЧ АБСЕ. І мы ім шчыра выклалі сваю пазіцыю”.
Нагадаем, у студзені пытанні зменаў выбарчага заканадаўства абмяркоўваліся на адмысловай нарадзе ў кіраўніка краіны. Тады паведамлялася, што ЦВК прапанаваў пазбавіць удзельнікаў выбараў магчымасці байкатаваць выбарчы працэс і вывесці такую дзейнасць з выбарчага заканадаўства — у межы дзейнасці закона “Аб масавых мерапрыемствах”. Што да рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, то ні адзін з галоўных яе пунктаў у падрыхтаваны ЦВК законапраект не трапіў.
Фота — bymedia.net