Латвійскі эканаміст: “Ад санкцый супраць Беларусі мы не пацерпім"

“Самы радыкальны варыянт, які можна прыдумаць, гэта ўвядзенне эмбарга на нашы нафтапрадукты. Але і самы малаверагодны. А ўсё іншае – гэта проста пашырэнне існуючага спісу”, — кажа эканаміст Сяргей Чалы.

Калі дапусціць, што ЕС адмовіцца ад закупак беларускіх угнаенняў і бензіну, вынікі для Беларусі могуць быць вельмі непрыемнымі. Пасля такога ж кроку ЗША таваразварот знізіўся ў дзесяць разоў.

“Добра відаць па статыстыцы, што таваразварот з ЗША пасля таго нават не ў разы, а на парадак знізіўся. Давялося кіраваць разлікамі праз еўрапейскія кампаніі, альбо праз нейкія пракладкі накшталт Барбадаса”.

120321 Eurafokus.mp3

У ЕС, між іншым, ідзе больш за 50% беларускага экспарту. Доля імпарту з еўрапейскіх краін — толькі 16%. Адразу бачна, хто санкцыі перажыве цяжэй.

Праўда, іх увядзенне – не такая простая рэч. Адна справа – не паціскаць Лукашэнку руку, і зусім іншая – устаўляць палкі ў колы.

“Ну, вось нават у асабістых адносінах. Скажам, я гэтага чалавека не люблю і гаварыць з ім не буду. А вось ужо пракалоць шыны ў яго аўтамабілі — гэта зусім іншая сітуацыя”.

Разам з тым Сяргей Чалы дадае, што пры наяўнасці жадання – увесці рэальныя санкцыі можна проста і хутка. Амаль увесь беларускі бізнес у ЕС ідзе праз тры краіны.

“Адносіны ідуць праз тры юрысдыкцыі — Вялікабрытанія, Галандыя і Кіпр. Па зразумелых прычынах — сістэма падаткаабкладання дазваляе там выгадна рэгістраваць пасярэдніцкія кампаніі. Таму чыста тэхнічна, нейкай вялікай сеткі нават не было неабходнасці ствараць”.

Наколькі пацерпяць гэтыя краіны ад увядзення санкцый – сказаць складана. Але ўцэлым страты будуць нязначныя. Іншая справа — Латвія і Літва. Праз іх парты праходзіць амаль увесь беларускі экспарт. Таваразварот толькі з адной Літвой складае амаль паўтара мільярды еўра. Не дзіва, што там супраць эканамічных санкцый.

Дырэктар канфедэрацыі працадаўцаў Латвіі Ліга Менгельсонэ расказвае Еўрарадыё, што выступае рашуча супраць санкцый.

“Таму што, па-першае, мы заклікаем не мяшаць палітыку з эканомікай. А па-другое, калі санкцыі будуць дзейнічаць на простых людзей Беларусі і Латвіі — то яны непрымальныя”.

Ліга Менгельсонэ дадае, што не з’яўляецца лабістам беларускага рэжыму, а проста клапоціцца пра інтарэсы Латвіі і латышоў, якія пасля ўвядзення санкцый супраць Беларусі могуць страціць працу.

А вось латвійскі эканаміст Яніс Ошлейс расказвае Еўрарадыё, што нават эмбарга на беларускія нафтапрадукты Латвію моцна не закране.

“Калі гэта проста замарожванне рахункаў тых, хто ва ўладзе ў Беларусі, то гэта нас не закране. Калі гэта спыненне экспарту нафтапрадуктаў і калійных солей, то, напэўна, закране трохі больш. Але я бачу, што час ад часу Расія спыняе свой экспарт нафтапрадуктаў. Гэта не ўплывае на нас. Калі толькі на тыя прадпрыемствы, якія гэтым займаюцца”.

Якімі будуць санкцыі, як канкрэтна яны паўплываюць на нашу эканоміку і ці будуць яны ўвогуле, даведаемся ўжо 23 сакавіка.

Фота: flickr.com