Ладуцька распавёў пра будучыню Мінска
Па словах мэра, у сталіцы створаць неабходную інфраструктуру для інвалідаў, на прыпынках паставяць інфатабло, грэчку ў крамы завязуць у бліжэйшым часе, а "Мінск
У бліжэйшыя выхадныя Мінск будзе адзначаць дзень горада. Напярэдадні гэтага свята мэр беларускай сталіцы Мікалай Ладуцька сабраў журналістаў, каб расказаць пра зробленае і падзяліцца планамі на будучыню.
Найперш,
Ладуцька пахваліўся, што вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця горада
выглядаюць вельмі станоўча: запасы на складах некалькі зменшыліся, а
экспарт мінскай прадукцыі вырас. Гэта, паводле словаў мэра, дазваляе і
павялічваць заробкі бюджэтнікаў, і ўкладаць дадатковыя грошы ў развіццё
гарадской інфраструктуры.
Мікалай Ладуцька: “Сёння ў
Мінску ў стадыі будаўніцтва знаходзіцца тры транспартныя развязкі:
вуліца Кальварыйская, вуліцы Маякоўскага-Дзянісаўская, праспект
Дзяржынскага-праспект Жукава. Гэта маштабныя аб’екты, якія вельмі дорага
каштуюць. Але яны патрэбныя гораду для вырашэння транспартных праблем,
якія сёння пачынаюць завязвацца ў горадзе. Мы павялічылі на 50 мільярдаў
рублёў асігнаванні на будаўніцтва метрапалітэна. Для таго, каб мець
дынаміку развіцця гэтага стратэгічнага для Мінска аб’екту”.
Еўрарадыё пацікавілася ў мэра сталіцы, што чакае дом па вуліцы Ўманская,
які плануецца знесці ў сувязі з будаўніцтвам метро. Як ўжо
паведамлялася, тры сям'і збіраюцца перасяліць у дзве кватэры на ўскрайку
горада, а дом зруйнаваць.
Мікалай Ладуцька: “Яго
ніхто не руйнуе, а можа і не будзе руйнаваць. Чалавек сам зрабіў у доме
надбудову і сёння кажа, каб мы яму гэтую надбудову аформілі афіцыйна. А
тады горад паводле рыначнага кошту павінен яму выплаціць 200 тысяч
долараў. Мы кажам: “Таварыш, мы табе даем дзве кватэры трохпакаёвыя,
пераязджай!” Ён лічыць, што гэтага яму недастаткова. Сутнасць пытання
эканамічная. Там няма ніякай палітыкі, няма ніякага замаху на правы.
Таму, можа, мы і руйнаваць яго не будзем”.
Расказаў
Ладуцька і пра тое, што Мінск працягвае будавацца. Ужо цяпер пачаліся
працы па ўзвядзенні новых жылых мікрараёнаў за Мінскай кальцавой
дарогай. Вызначаныя і арганізацыі, якія забудуюць мікрараёны Шчомысліцы,
Дзегцяроўка і Ельніца. Яны ўжо праектуюць тэрыторыі забудовы.
Еўрарадыё пацікавілася, у якой стадыі знаходзіцца рэалізацыя праекта “Мінск-сіці” на тэрыторыі аэрапорта “Мінск-1”.
Мікалай Ладуцька: “Сёння
тэрыторыя ваеннага завода вызваленая ад пабудоў, распрацаваны праект па
будаўніцтве на гэтай тэрыторыі адміністрацыйнага будынка, распрацаваны
праект гандлёвага комплексу на 5 тысяч квадратных метраў, распачатае
будаўніцтва некалькіх жылых дамоў. Сёння забудоўшчык, кампанія
“Мінск-сіці”, вядзе распрацоўку праекта на забудоўлі ўсёй тэрыторыі
аэрапорта. Праект вельмі маштабны, велізарны. Але будзем рэалістамі: я
лічу, што тыя эканамічныя ўмовы, якія створаныя для рэалізацыі праекта, у
асноўным дазваляюць рэалізоўваць гэты праект, але гэта патрабуе часу”.
Праўда, паабяцаў, што да запланаванага 2020 года “Мінск-сіці” будзе здадзены.
Да
ўсяго Ладуцька парадаваў тым, што горад закупіў 107 новых аўтобусаў,
што хутка на прыпынках будуць электронныя табло з пазначаным часам
прыбыцця грамадскага транспарту. Расказаў, што для інвалідаў у горадзе
будуць ствараць неабходную інфраструктуру і што хутка ў крамах ізноў
з’явіцца грэчка. Праўда, ўжо на 1 тысячу даражэй.