Кветкі для вуліц Магілёва абыдуцца гораду амаль у 1 мільён долараў

Масава высаджваць кветкі пачнуць пасля 15 траўня. Але ўжо бліжэйшымі днямі ў горадзе пачнуць упрыгожваць месцы правядзення травеньскіх святкаванняў, распавядаюць Еўрарадыё ў вытворчым аддзеле “Магілёўзеленбуда”:
130426_magilioukvietki.mp3
“Сёння нам горад выдзеліў грошай толькі на 300 тысяч кветак — каля 1 мільярда 600 мільёнаў рублёў. Але ж мы рыхтуем расады 1,5 мільёны. Першапачаткова мы лічылі, што гэта — на 8,5 мільярдаў, але зараз гэта сума, безумоўна, ужо павялічваецца”.

Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, прыблізна такую колькасць кветак у Магілёве садзяць штогод. І кожны год трацяць на гэта каля 1 млн долараў. На пытанне, ці не лепш было б гэтыя грошы накіраваць на рамонт гарадскіх дарог, на якія скардзяцца ўсе магілёўцы, супрацоўніца “Магілёўзеленбуда” адказвае, што і дарогі ў Магілёве даўно прыйшоў час давесці да ладу, але і пакідаць сёлетнюю культурную сталіцу без кветак — не справа.

Фота — bymedia.net