Ксюша Дзягелька перамагла ў рэгіянальным конкурсе “Я — лідар”

Ксюша Дзягелька: У мяне ёсць міні-спаднічка, але я яе даўно не апранала!

Аўтар песні “Я из деревни”: Патрыятызм мусіць ісці нага ў нагу з модай!

"Я из деревни" Ксеніі Дзягелька: рынгтоны ад Еўрарадыё

Тэкст песні і звесткі пра Ксюшу Дзягелька

25 красавіка Ксюша Дзягелька перамагае ў адборы конкурсу “Я — лідар”. Сямікласніца з гарадскога пасёлка Акцябрскі ў перамозе і не сумняваецца:

“Як я ацэньваю свае шансы... Думаю, што перамагу. Натуральна, прысутнічае дух спаборніцтва! Я хвалююся, але, мне здаецца, здолею справіцца з хваляваннем”, — кажа Ксюша ў інтэрв’ю напярэдадні конкурсу.

Нагадаем, кліп Ксюшы Дзягелька “Я из деревни”, падрыхтаваны да конкурса "Я — лідар", падраў байнэт на шматкі. За 10 дзён відэа сабрала 708 тысяч праглядаў. Але ў прэзентацыі Ксюшы яно чамусьці не выкарыстоўваецца.

“Шмат людзей было. Дзеці, і нашы школьнікі, як гледачы. І нікога тут не было чужога. Праграмы ўсе былі вартыя… Ну, вас жа Акцябрскі раён цікавіць, так? Першае месца яны занялі, але ў іх была зусім іншая прэзентацыя. Не тая, што ў інтэрнэце. Не было ўвогуле кліпа, прэзентацыя была іншая”, — распавядае Еўрарадыё намесніца дырэктара школы №11, якая прымала конкурс.

Маці Ксюшы Дзягелька супакойвае: “Я — лідар” — не “Еўрабачанне”, і песні змяняць тут не прынята:

“Песню яны не змянялі. Я вам кажу, што рыхтавалі яе. Кліп, можа, і не паказвалі… Я так разумею, што гэта быў завочны этап, і нумароў трэба некалькі… Але яны рыхтавалі і іншы нумар. Я так разумею, іх некалькі. Натуральна, яны ўсе задаволеныя, бо перамаглі”.

Маці Ксюшы вельмі хацела трапіць на конкурс. Нават узяла на працы адгул. Але… неспадзяванка: жанчына не ўлязае ў аўтобус, якім канкурсанты едуць з Акцябрскага ў Мазыр!

“Мне ў аўтобусе не хапіла месца. Замовілі маленькую "газельку", таму толькі ўдзельнікі конкурсу паехалі, і ўсё. Я сама папрасіла, каб мне скінулі на флэшку, каб я гэты нумар паглядзела”, — распавядае Еўрарадыё жанчына.

Паводле яе слоў, Ксюша за апошнія два тыдні вельмі стамілася.

Маці Ксюшы Дзягелька: “Неяк яна, ведаеце, зашугалася ад усяго гэтага, ці што… Нават не ведаю, ці дасць яна вам інтэрв’ю. Апошнім часам адмахваецца ад усяго… Стамілася дзіця!”

Дырэктар акцябрскага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі выступ Ксюшы Дзягелька каментаваць не хоча. У голасе жанчыны падчас размовы адчуваецца напружанне… Вельмі нешматслоўны і аўтар тэксту “Я из деревни” Андрэй Павук:

“Паслухайце, Павел Свярдлоў… Я вам не магу ніякіх каментарыяў пакінуць”.

Што далей? Пасля перамогі на адборы ў Мазыры Ксюша Дзягелька павязе сваю песню на абласны этап конкурсу “Я — лідар” у Гомель. Ён пройдзе ў наступную суботу, 28 красавіка.

Фота, відэа: "Тэлеканал "Мазыр".