Колькасць “неадкатаных пальцаў” віцебская міліцыя трымае ў сакрэце

111208 LukashukPalcy.mp3

Да гэтага часу праваахоўнікі не здолелі “адкатаць пальчыкі” ў 37 тысяч беларусаў. Нягледзячы на адміністратыўнае пакаранне за адмову. Еўрарадыё даведалася, хто гэтыя рэцыдывісты-ухілісты.

Па словах кіраўніка прэс-службы УУС Гродзенскага аблвыканкама Георгія Яўчара, найперш гэта людзі, якія з’ехалі за мяжу.

Георгій Яўчар: “Чалавек можа альбо знаходзіцца на выедзе, у камандзіроўцы, альбо з’ехаў на заробкі, альбо знаходзіцца на адпачынку, альбо – змяніў месца жыхарства. Па новым месцы не прапісаўся”.


Колькі такіх, ні ў Гродзенскай, ні ў Магілёўскай, ні ў Мінскай вобласці дакладна не ведаюць. Як не вядома, ці шмат сярод іх прынцыповых нежадаючых пакідаць свае адбіткі.

У Віцебскай вобласці сітуацыя увогуле ўнікальная – інфармацыю пра “пальчыкі” не даюць нават супрацоўнікаў уласнай прэс-службы міліцыі!

Супрацоўнік прэс-службы УУС Віцебскага аблвыканкама: “Мне адмовілі ў прадастаўленні такой інфармацыі – вось і ўсё! Гэта па нашай лініі”.

І толькі кіраўнік прэс-службы УУС Гомельскага аблвыканкама Андрэй Мазепін называе дакладную колькасць “неадкатаных”.

Андрэй Мазепін: “Дзесьці 4-4,5 тысяч чалавек – гэта грамадзяне, якія знаходзяцца за межамі краіны. Каля 700 грамадзян знаходзяцца ў іншых рэгіёнах рэспублікі. І яшчэ 700 – тыя, хто адмовіўся”.

Практычна ўсе суразмоўцы Еўрарадыё кажуць, што базы адбіткаў пальцаў дапамаглі пры раскрыцці розных злачынстваў. Толькі прыгадаць хоць адно такое раскрыццё даўняга злачынства ніхто не здолеў.

Тым часам, па словах часовага выканаўцы абавязкаў міністра ўнутраных спраў Алега Пякарскага, за час абавязковай "адкаткі пальцаў" знойдзены больш за 12 тысяч супадзенняў з адбіткамі з месцаў нераскрытых злачынстваў. Пальчыкі дапамаглі пры раскрыцці 119 забойстваў, амаль 200 цяжкіх цялесных пашкоджанняў, больш за 10 тысяч крадзяжоў.