Кіроўца МАЗа, які вёз чарапіцу для "Дажынак", у аварыі забіў трох чалавек
На трасе ў яго не спрацавалі тармазы, і ў выніку аварыі загінула маладая сям'я. Гэта адбылося яшчэ 11 гадоў таму, але сваякі загінулых дагэтуль патрабуюць пакар
У чэрвені 1999 года малады афіцэр разам з жонкай і аднагадовай дачкой
вяртаўся з Магілёва ў Шклоў. Але на шасцідзесятым кіламетры трасы
Орша—Шклоў—Магілёў яго “Опель” сутыкнуўся з МАЗам. Уся сям’я
ваеннаслужачага загінула. Гэтую гісторыю Еўрарадыё расказала маці
загінулага афіцэра Леакадыя Балакірава.
Леакадыя Балакірава: “22
чэрвеня 1999 года па віне прадпрыемства “Магілёўаблспажыўсаюз”, дзе
ведалі аб тэхнічнай няспраўнасці транспарту і немагчымасці яго
эксплуатацыі, загінулі мой сын, нявестка і ўнучка. Сын — ваенны афіцэр.
Вяртаўся са службы дахаты, забраў са шпіталя жонку і дачку, і ехалі ў
Шклоў, дзе жылі”.
Словы
жанчыны пра віну прадпрыемства ў смерці яе родных, верагодна, маюць пад
сабой падставу. Як высветлілася падчас суда, кіроўца за некалькі дзён
да гэтай трагічнай паездкі напісаў заяўку кіраўніцтву аб неабходнасці
рамонту тармазоў МАЗа і немагчымасці працы на ім. Але ў той час Шклоў
шалёнымі тэмпамі рыхтаваўся да “Дажынак” і гораду патрэбны былі
будматэрыялы. Вось кіроўцу і загадалі, нягледзячы на няспраўнасць
машыны, везці туды чарапіцу.
Леакадыя Балакірава: “Кіроўца
ў судзе даваў паказанне: што ім была напісаная такая заяўка і што
начальнік эксплуатацыі транспартных сродкаў загадаў яму выправіцца ў
рэйс. Ён так і сказаў кіроўцу: “Не паедзеш — пойдзеш за вароты”. Але за
варотамі жыцця апынуліся нашыя дзеці. Толькі старшыня суда Шклоўскага
раёна не адлюстравала ў прысудзе паказанні кіроўцы, заяўку яго не
прыкладае і выносіць прысуд: за парушэнне Правілаў дарожнага руху, якія
пацягнулі за сабой смерць трох чалавек, асудзіць яго на 8 гадоў, з
адбыццём у калоніі-пасяленні”.
Вось толькі ў тым, што
вінаваты ў здарэнні адзін кіроўца, Леакадыя Балакірава сумняваецца.
Дакладней, яна ўпэўненая, што пакараныя мусяць быць і тыя кіраўнікі
“Магілёўаблспажыўсаюза”, якія загадалі яму везці тую злашчасную чарапіцу
ў Шклоў. Адразу пасля суда над кіроўцам Крукоўскім яна пачала
патрабаваць перагляду справы і прыцягнення кіраўніцтва да адказнасці.
Звярталася ў пракуратуры і суды рознага ўзроўню. Як вынік — у 2003 годзе
на лаве падсудных апынуўся механік тэхнічнага кантролю прадпрыемства.
Вось
толькі ад пачатку ён трапіў у рукі міліцыі за крадзяжы. І толькі потым
яму дадалі абвінавачванне ў смерці сям’і афіцэра Балакірава. Прычым
чамусьці паводле “палегчанага” артыкулу.
Леакадыя Балакірава: “Яны
абвінавацілі яго згодна з артыкулам 206 частка 2, наўмысна заніжаючы
цяжар злачынства. А мусілі распачаць паводле артыкулу 206 частка 3 —
так, як і супраць кіроўцы. 206 частка 2 кажа аб злачынстве, якое
пацягнула за сабой смерць 1-2 чалавек. А частка трэцяя кажа аб
злачынстве, у выніку якога загінула 3 і больш чалавек. За гэты артыкул
прадугледжанае пакаранне ад 8 да 15 гадоў, а ў першым выпадку — ад 3 да
5. А супраць таго начальніка аддзела па эксплуатацыі, які загадаў
выехаць кіроўцу ў рэйс, увогуле не распачыналі справы”.
За тое, што ён на трасу выпусціў МАЗа-забойцу, механік атрымаў тры гады. 
Леакадыя
Балакірава не супакоілася і пачала зноў хадзіць у розныя ўстановы са
скаргамі і патрабаваннямі перагляду справы. Была і ў Генпракуратуры, і ў
Вярхоўным судзе, пісала прэзідэнту — безвынікова.

Леакадыя Балакірава: “10 чэрвеня я была на прыёме ў старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Ігнація Місурагіна.
Ён мне параіў звярнуцца ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай аб
ініцыяванні падрыхтоўкі даручэння прэзідэнта Канстытуцыйнаму суду аб
праверцы законнасці прынятых судовых і пракурорскіх рашэнняў. Я
напісала, але Адміністрацыя даслала мой ліст у Вярхоўны суд, а той —
адправіў яго мне назад, нават нідзе яго не зарэгістраваўшы. І гэта не
першы, не другі і не трэці раз такое”.
А начальнік аддзела ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян Адміністрацыі прэзідэнта Станіслаў Буко, кажа жанчына, апошнім часам абмяжоўваецца адказам, дзе папярэджвае аб спыненні перапіскі з ёй. 
У сераду, 20 кастрычніка, Леакадыя Балакірава аднесла ў Адміністрацыю чарговы ліст на імя Ўладзіміра Макея.
Яна па-ранейшаму спадзяецца на перагляд справы і пакарання цяпер ўжо
былых супрацоўнікаў “Магілёўаблспажыўсаюза”. Былых, бо і механік
тэхнічнага кантролю, і начальнік аддзела эксплуатацыі транспартных
сродкаў на тым прадпрыемстве не працуюць ўжо шмат гадоў.
Не
з'яўляецца больш следчым па асабліва важных справах у Магілёве і маёр
Слепакураў, які вёў у 2003 годзе справу механіка. А больш ніхто з былых
калег маёра каментаваць гэтую справу не стаў. Але, на думку былога
оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку Мікалая Казлова, тое, што кіроўцу асудзілі паводле аднаго артыкулу, а яго начальніка — паводле іншага, выклікае здзіўленне.
Мікалай Казлоў: “Ніхто
ж не ўваскрос, я прашу прабачэння за такі цынізм, пакуль дайшла справа
да прымянення нейкага пакарання да гэтага начальніка. Усе загінулыя так і
засталіся загінулымі. Таму мне гэта не зразумела”.
Падтрымлівае ён і жаданне Леакадыі Балакіравай пакараць начальнікаў, адказных за выезд няспраўнай машыны на трасу.
Мікалай Казлоў: “На
мой погляд, у яе ёсць усе падставы патрабаваць перагляду справы. Бо
менавіта тое, што яго адправілі на лінію, прывяло да катастрофы і смерці
людзей. Мне прыгадалася школа, дзе абвалілася столь і дзе асудзілі
чалавека, які наўпростава не меў да гэтага адносінаў, але які меў
дачыненне да рамонту. Па аналогіі можна адшукаць сітуацыі, дзе павінны
несці адказнасць. У якой частцы — мне цяжка сказаць, але павінны”.

Мікалай
Казлоў не здолеў з упэўненасцю сказаць, ці не мінуў тэрмін даўніны і ці
можна яшчэ прыцягнуць да адказнасці ўсіх, датычных да трагедыі на трасе
Шклоў-Магілёў у 1999 годзе. Але лічыць, што, найхутчэй, не мінуў, і ў
Леакадыі Балакіравай ёсць шанец дамагчыся перагляду справы і пакарання
ўсіх вінаватых у трагедыі.
Фота: Змітра Лукашука