Каўбасу за 100 тысяч набывае толькі адзін чалавек за дзень
Як даведалася Еўрарадыё, “Раўбіцкую” часткова робяць з польскай свініны і ялавічыны, бо сваёй не хапае.
У сталічных крамах з’явілася каўбаса за 100 тысяч! Пытаюся ў прадаўшчыцы крамы "Белая Русь": ці набываюць?
“Учора за дзень адзін толькі мужчына ўзяў. Можа, і вы адзін толькі сёння будзеце”, — скардзіцца прадаўшчыца. Па новых коштах гэтую каўбасу закупілі тыдзень таму.
Пытаем у пакупнікоў, ці могуць яны сабе дазволіць такую.
“Толькі вараную, бо яна таннейшая. Раней магла сабе дазволіць. А зараз — танную і смачную і вельмі рэдка”, — кажа Наталля Міхайлаўна, пенсіянерка, што стаіць у чарзе па каўбасу.
З пытаннем, з чаго робяць гэтаю “Раўбіцкую” за 100 тысяч, звяртаюся ў Барысаўскі мясакамбінат.
“Там закладзеная свініна, ялавічына. Харчовыя дадаткі таксама: нітрыт натрыя, лімонная кіслата”, — агучваюць на мясакамбінаце склад самай дарагой каўбасы.
Гэтую каўбасу тут пачалі вырабляць паўтары тыдні таму. А такі высокі кошт звязваюць з курсам долара і… недахопам мяса.
Еўрарадыё: А чаму “Раўбіцкая” каўбаса такая дарагая?
Супрацоўніца камбіната: Бо закупляем імпартную сыравіну. Купляем патушнае мяса за валюту, у Польшчы.
Еўрарадыё: А ў Беларусі чаму не купляеце?
Супрацоўніца камбіната: Рэальна калгасы пастаўляюць толькі 70% мяса ў параўнанні з мінулым годам. А рост па вытворчасці каўбасы 120% — трэба ж неяк выкручвацца.
То бок, часткова камбінат робіць каўбасу з польскага мяса, бо свайго не хапае.
Цікава, што на кошт “Раўбіцкай” паўплывалі нават… кішкі.
“Выраслі кошты на… абалонку для каўбасы. Раней метр каштаваў 500 рублёў, цяпер — 2 тысячы. У тры-чатыры разы выраслі кошты на дадаткі”, — кажа супрацоўніца планавага аддзелу камбіната.
Дзеля цікавасці набываю кавалак "Раўбіцкай" каўбасы на 150 грамаў (на фота). Ён каштуе 15 тысяч рублёў.
