Камбайнёры ў жніво зарабляюць больш за шахцёраў
А на заробак банкіра настаўніку трэба працаваць некалькі месяцаў.
У крызіс Еўрарадыё вырашыла параўнаць сярэднія заробкі ў розных галінах дзейнасці.
“У сярэднім, дзесьці 8 мільёнаў. Усё залежыць ад калектыву", - агучвае заробак шахцёр “Беларуськалія” Сяргей. – “У нас фарміруюцца брыгады. Калектывы адрозніваюцца. Дзесьці зарабляюць 8 мільёнаў, дзесьці менш, недзе больш. Для таго, каб трапіць у забой і зарабляць 8 мільёнаў патрэбная адукацыя. Можна вышэйшая, можна прафесійна-тэхнічная”.
Сяргей працуе на “Беларускаліі” з 1996 года. У 2002 пачаў працаваць у шахце. У тыдзень ён на працы 5 дзён па 6 гадзін, на глыбіні 800 метраў пад паверхняй зямлі.
У той жа час камбайнёры ў жніво могуць зарабіць і 10, і 12 мільёнаў! Такую інфармацыю апублікавала газета “Беларуская ніва”. Еўрарадыё вырашыла гэта праверыць.
“10 мільёнаў зарабляюць людзі, якія ў нас па 20 гадоў адпрацавалі. Гэта праўда, людзі ў нас і больш зарабляюць, але тыя, у каго ўжо гэтыя камбайны па 10 гадоў на руках”, - кажа супрацоўнік аграфірмы “Ждановічы”.
Атрымліваецца некаторыя камбайнёры ўлетку зарабляюць больш за шахцёраў. Каб даведацца, колькі яны працуюць у жніво, Еўрарадыё звязалася з камбайнёрам комплекса “Беларускі”.
“Даводзіцца і па 16 гадзін працаваць і па 14. Калі ўсё добра, можна атрымаць мільёнаў пяць”.
У час жніва камбайнёры не маюць выходных. На працы з’яўляюцца а шостай ранку і вяртаюцца дадому а дзясятай. Акрамя заробку, можна атрымаць прэмію, падарунак ад саўгаса і нават новае жыллё.
“У тым годзе я атрымаў посуд ад прафсаюза. А цяпер пасля жніва далі дом новы. Вось, думаю засяляцца”.
Увосень і ўзімку камбайнёры працуюць на загатоўцы кармоў, ці на трактары. У залежнасці ад таго, хто якую мае катэгорыю.
У калгасе “Радзіма” камбайнёры ў жніво могуць зарабляць па 300-400 тысяч у дзень. Калгас мае і свайго рэкардсмена. Камбайнёр ужо намалаціў 1600 тон. Праўда, заробак тут не больш за 5 мільёнаў.
“Я лічу, што зарабіць 5 мільёнаў на жніве – нармальна. Бо акрамя гэтага ёсць людзі, якія працуюць у жывёлагадоўлі і заробяць 2 мільёны”, - тлумачаць у калгасе.
Паводле абвестак аб працы ў інтэрнэце, служачым банка цяпер прапануюць у сярэднім 3,5 мільёны за месяц, настаўніку – крыху больш за мільён, а праграмісту - 7.
bymedia.net