Камбайнёр: "Каб замяніць адзін імпартны камбайн, трэба два беларускія"

110912 Martin Kambajny.mp3

“Я, канечне, патрыёт сваёй радзімы, але наш камбайн супраць "Лексіёна" — гэта два ці тры нашыя трэба, каб замяніць адзін "Лексіён”, — гаворыць камбайнёр Аляксандр Стасюлевіч з 1-й Мінскай птушкафабрыкі. Летась разам з памочнікам ён намалаціў 3 тысячы тон зерня.

Ён першы сярод камбайнёраў Мінскага раёну. Працаваў на нямецкай тэхніцы — камбайне "Лексіён 540".

Жніво — добры сродак падзарабіць для камбайнёраў. Можна атрымаць у разы больш за зімовы заробак.

“10 мільёнаў можна зарабіць. А ўзімку мільён-два”.


"Лексіёнаў" на Мінскай птушкафабрыцы няшмат. Большасць працуе на беларускіх камбайнах. Цікава, што першае і другое месца на спаборніцтвах па зборы збожжа ў Мінскім раёне занялі камбайнёры, што працуюць на імпартнай тэхніцы.

Камбайнёр Уладзімір Зуб працуе ў гаспадарцы “Гігант”, што поруч з Бабруйскам, у гэтую ўборачную намалаціў 2 тысячы тон. Працаваў на нямецкім "Лексіёне". Пытаюся,  чым "Лексіён" лепшы за айчынны камбайн.

“Розніца ёсць вялікая. Нашы таксама ўжо лепшыя, чым раней. Але ўсё ж нешта немцы зрабілі лепш за нашых”.


Камбайнёр Алег Іллінскі сёлета намалаціў 1,5 тысячы тон. Таксама працаваў на "Лексіёне".

Алег Іллінскі: "Калі ёсць галава і рукі, можна і на нашай тэхніцы працаваць. Усё залежыць ад чалавека, наша тэхніка цяпер таксама добрая".


Еўрарадыё: А якіх камбайнаў цяпер больш?

Алег Іллінскі: "Цяпер больш нашай тэхнікі ўжо".

Еўрарадыё: Не плануеце самі перасесці на беларускі камбайн?

Алег Іллінскі: "Не, не планую. Пакуль буду на "Лексіёне" працаваць".

А вось замяніць беларускі камбайн на "Лексіён" сельгаспрацаўнікі не супраць.

“Вядома, згодны перасесці. Чаму б не папрацаваць на такой тэхніцы”, — гаворыць Юры Ардынскі з гаспадаркі “Даватарскі”. Сёлета ён атрымаў новы беларускі камбайн “Палессе”.

Тым не менш, кампанія “Гомсельмаш” гаворыць, што нашыя камбайны выглядаюць больш прывабна.

“Па суадносінах кошту і якасці наш камбайн выглядае пераважна. Бо калі гаспадарка набывае "Лексіён", трэба, каб ён штогод намалочваў 4-5 тысяч тон зерня. Калі намалот меншы, то яна не акупляецца з 10 год”.


На "Гомсельмашы" не могуць сказаць, што беларускія камбайны лепшыя за імпартныя. Праўда, праз колькі год ужо збіраюцца канкурыраваць з сусветна вядомай фірмай “CLASS”. А вось на дэталях для імпартных камбайнаў можна згалець.

“І імпартныя, і нашы камбайны ламаюцца. Адно — гэта купіць дэталь на “Гомсельмашы”. Іншая справа — набыць дэталі для імпартнага камбайна: яна даражэй за арыгінальныя. На дэталях яны разуваюць нашых калгаснікаў”, —кажуць на "Гомсельмашы".

Пры гэтым імпартны камбайн каштуе ў 2-2,5 разы даражэй за беларускі. А айчынны камбайн “Палессе” абыходзіцца ў сярэднім у 900 мільёнаў, калі меркаваць па расійскіх прайсах, размешчаных у інтэрнэце.

Фота: bymedia.net