“Калі пачалі фатаграфаваць, праца стала, усе здымалі дзяўчыну на мабільнік"
Дзесяць з трынаццаці дзяўчат, якія здымаліся для эратычнага каляндарыка металургічнага завода – замужам (фота).
“Спачатку муж не вельмі абрадаваўся. Потым замірыўся. А цяпер нават крыху ганарыцца”, - кажа пра свайго мужа інжынер Алена Мельнікава – увасабленне жніўня на каляндарыку Жлобінскага металургічнага завода.

Тым больш, на фотаздымкі ў стылі ню Алена б не пагадзілася, бо горад маленькі, усе знаёмыя!
Цяпер яе нумар тэлефону на працы пытаюць. А Марыну Цярлееву сталі часцей запрашаць на каву. На календары яе вобраз – снежань.

“Калегі заўважылі, тое, што раней не заўважалі. Цяпер спрабуюць пазнаёміцца і запрашаюць на каву”, - ганарыцца Марына.
Каб зняцца для календара, ёй трэба было дзве гадзіны ляжаць на падлозе. Было холадна, скардзіцца дзяўчына.
На кастынг для здымак у календары прыйшлі ажно 60 дзяўчат, якія працуюць на заводзе.
“Прапанавалі конкурс супрацоўніцам. У нас іх 3 тысячы. Каля 60 з іх адгукнуліся”, - распавядае Еўрарадыё памочнік генеральнага дырэктара БМЗ Генадзь Карняенка.
Здараліся выпадкі, калі здымкі прыгажунь ад металургіі падрывалі працоўны настрой.
“Адну дзяўчыну здымалі на канатным участку. Калі пачалі арганізоўваць здымкі. Працоўныя спыніліся і пачалі здымаць дзяўчыну на мабільнікі. Потым яна была нарасхоп і ў многіх рабочых яна і сёння на тэлефоне, чаму не вельмі рады яе хлопец”, - расказвае Аляксандр Паланейчык кіраўнік стварэння календара.
Як даведалася Еўрарадыё, з 13 дзяўчат, якія здымаліся для каляндарыку 10 – замужам. На календары дзяўчаты ў кароткіх сукенках, але не аголеныя. Распрануцца дзяўчатам не дала сціпласць.
“Гэтыя варыянты разглядаліся. Але нашы супрацоўніцы - сціплыя беларускія дзяўчаты. У іх ёсць шарм, але няма пошласці. Таму мы не рызыкнулі. Можа, у будучыні...”, - марыць памочнік генеральнага дырэктара.
У рэкламным аддзеле Трактарнага заводу здзіўляюцца такой ідэі жлобінцаў.
“Такога нам яшчэ не прапаноўвалі. Такога не было. Нават не ведаю, чаму”, - усміхаецца супрацоўніца рэкламнага аддзелу МТЗ.
У Беларусбанку сфатаграфаваць на каляндар дзяўчат хацелі, але крызіс.
“Была ідэя ў гэтым годзе. Супрацоўніц шмат, а колькасць старонак абмежаваная. Па-другое эканамічнае становішча не вельмі – дорага. Таму – усё гэта накрылася. Мы не першы год спрабуем, але не атрымоўваецца”.
Металургічны завод будзе дарыць гэты каляндар партнёрам. На жаль, працаўнікам прадпрыемства ён не дастанецца.






Фота: belsteel.com