Чаму за курэнне ў пад’ездах амаль ніколі не штрафуюць?
Еўрарадыё праверыла, якія штрафы існуюць, але мы іх не плацім.
Мінчан, якія не прыбіраюць снег вакол сваіх машын, могуць аштрафаваць нават на 700 тысяч рублёў.
“Ёсць правілы добраўпарадкавання і ўтрымання горада Мінска, – расказвае начальнік аднаго са сталічных ЖЭСаў. – Пункт 13 гаворыць, што павінны прыбіраць аўтамашыну ў выпадку яе паркоўкі на ўнутрыдваравых праездах і метр вакол яе. Па перыметры. І невыкананне гэтага правіла з’яўляецца парушэннем адміністрацыйнага кодэксу”.
Заснежаных машын ў дварах – процьма. Цяжка ўявіць, што ўсе іх гаспадары спраўна плацяць штрафы ў бюджэт горада. Насамрэч, яны робяць гэта вельмі рэдка. Толькі ў адным з сямі выпадкаў і тое па мінімуму – усяго адну базавую. А максімальнае пакаранне за непрыбраны ля машыны снег – 700 тысяч.
“З 14 складзеных у мінулым годзе пратаколаў адміністрацыйных суд, гэта было ў самым пачатку зімы, аштрафаваў толькі дваіх. І сумы былі – 35 тысяч рублёў”, – расказваюць у ЖЭСе.
Прычына – недавер судоў камунальнікам. Маўляў, доказаў віны аўтаўладальнікаў няма. У ЖЭСах нават не могуць сказаць, што трэба зрабіць, каб суддзі ім паверылі. Справа ў тым, што штрафуюць збольшага па пратаколах, складзеных міліцыяй, а не супрацоўнікамі ЖЭСу.
“Доказная база слабая. Фотаздымак аўтамашыны, прыпаркаванай і засыпанай снегам. Мы чысцілі нумар і фатаграфавалі на фоне дома. Недастатковая доказная база – мала сабрана доказаў. Пазіцыя суда вельмі цікавая ў гэтым плане. Я не ведаю, што ім трэба”.
“Доказная база слабая. Фотаздымак аўтамашыны, прыпаркаванай і засыпанай снегам. Мы чысцілі нумар і фатаграфавалі на фоне дома. Недастатковая доказная база – мала сабрана доказаў. Пазіцыя суда вельмі цікавая ў гэтым плане. Я не ведаю, што ім трэба”.
Дарэчы, снег і смецце ля машын – не адзіная прычына, па якой на вас могуць скласці пратакол жэсаўцы. Парушэнняў мноства. Ад перапланіровак да няправільнага выгулу сабак. А таксама палення ў пад’ездах, не кажучы ўжо пра піццё там гарэлкі.
“За перапланіроўкі. Вельмі шмат пазіцый. За антысанітарыю і гэтак далей. Найбольш часта – шумы. Людзі шумяць ноччу і замінаюць адпачываць суседзям… У асноўным, за гэта не штрафуюць таксама. Вельмі рэдка штрафуюць”.
Яшчэ радзей, чым за крыкі і гучную музыку ўначы, штрафуюць за паленне ў пад’ездах. Памер штрафу за яго можа дасягаць нават 140 тысяч рублёў. Але ў канцылярыі суда Завадскога раёна Мінска Еўрарадыё прызналіся, што такіх спраў у іх яшчэ не было.
“У нас такіх яшчэ не было. Па музыцы гучнай – былі. А па паленні не было”.
За гучную музыку, дарэчы, можна атрымаць штраф ад 70 да 700 тысяч. Прычым разбіраюцца з шумнымі кампаніямі ўжо некалькі гадоў не міліцыянеры, а самі камунальнікі. Прычына іх бяссілля перад парушальнікамі ляжыць на паверхні. Суды патрабуюць ад іх правільна складзеных пратаколаў. А складаць пратаколы правільна яны не могуць… па закону! Бо супрацоўнікі ЖЭСа проста не маюць права патрабаваць у жыхароў паказваць ім пашпарты. А без пашпартных звестак пратакол – не пратакол.
“Разумееце, што больш за ўсё замінае? Правілы складання адміністрацыйных пратаколаў. Мы павінны ўнесці пашпартныя дадзеныя чалавека, на якога складаецца адміністратыўны пратакол. І ўзяць у яго подпіс у гэтым жа пратаколе. Як вы думаеце, шмат жадаючых падпісваць самім сабе прыгавор і паказваць нам пашпарт?”.
Адзінае парушэнне, за якое штрафуюць дастаткова часта і ахвотна –піццё піва і гарэлкі ля пад’ездаў. За гэта пратаколы складаюць міліцыянеры. А ім адмовіць у просьбе паказаць пашпарт нашмат складаней. За мінулы год толькі суд Завадскога раёна аштрафаваў амаль тысячу чалавек. Мінімальны і самы часты штраф – 70 тысяч. Калі нехта сваёй віны не прызнае – заплаціць 105.
Штрафы: Снег ля машыны – ад 35 да 700 тысяч. Гучная музыка і шум уначы – ад 70 да 700 тысяч. Паленне ў пад’ездах – ад 35 да 140 тысяч. Распіццё спіртных напояў – 70-105 тысяч.