Каб уладкавацца начальнікам у міністэрства, трэба мець стаж працы 5 гадоў
Заробкі кіраўнікоў упраўленняў пачынаюцца ад 3 мільёнаў.
“Калі ласка, разгледзім любыя варыянты. Але досвед працы павінен быць… Ведаеце, толькі чалавекі тры звярталася за гэты час. Ужо больш за месяц вісяць аб’явы, напэўна”, — расказваюць Еўрарадыё ў аддзеле кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі.
На сайце гэтага ведамства пяць вакансій. Спрэс кіраўнікі: начальнік упраўлення па племянной справе, кансультант упраўлення інтэнсіфікацыі, галоўны заатэхнік аддзела жывёлагадоўлі і іншыя. Мінімальны з прапанаваных заробкаў — 2 мільёны 400 тысяч. У сярэднім заробкі пачынаюцца ад 3 мільёнаў. Канкрэтней абяцаюць расказаць на сумоўі і ўдакладняюць, што на пасаду можна разлічваць, толькі калі маеш пяцігадовы стаж.
У Мінспорту супрацоўнікі таксама патрэбныя. Але вакансія на сёння толькі адна. Нядаўна загадчык юрыдычнага аддзелу сышоў працаваць... у Канстытуцыйны суд. Патрабаванні неслабыя.
“Гэта, натуральна, вышэйшая юрыдычная адукацыя. Гэта досвед працы юрыдычнай не менш за пяць гадоў. Веданне асноваў працы галіны і спорту — усё, што звязана з юрыдычнай нарматыўна-прававой базай у галіне спорту і турызму”.
У сілавых ведамствах вакансій няма. Міністэрства ўнутраных спраў і КДБ супрацоўнікаў праз аб’яўкі не шукае. Выключэнне — Памежны камітэт. Амаль кожнае рэгіянальнае аддзяленне мае вакансіі. Больш за ўсё іх у Гомельскай памежнай групе — 24. Нас запэўніваюць, што такая прарэха ў шчыльных шэрагах супрацоўнікаў на ахову мяжы не паўплывае.
“Гэта трактарысты, машыністы… Паступае новая тэхніка ў органы памежнай службы. А людзей для яе не заўсёды атрымоўваецца падабраць. Бо калі тэхніка новая, то камандаванне хоча да яе падабраць чалавека, які б служыў з душой”.
Аплачваюць працу “з душой” даволі няблага — абяцаюць 3 мільёны ў сярэднім. І гэта толькі для грамадзянскіх супрацоўнікаў; вайскоўцам — больш.
Такім заробкам гомельскіх кіроўцаў могуць пазайздросціць нават у сталіцы. Асабліва ў “Белтэлерадыёкампаніі”. Пасады кіроўцаў там пастаянна вакантныя, бо заробак зусім невялічкі.
“Ну, ад паўтара (мільёна — Еўрарадыё). Бюджэтнікі мы, заробкі маленькія. Таму вакансіі так доўга вісяць”, — расказваюць у аддзеле кадраў БТ.
І дадаюць, што вакансіі на больш творчыя пасады — аператараў і журналістаў — запаўняюцца значна лепш.
“Гэта, натуральна, вышэйшая юрыдычная адукацыя. Гэта досвед працы юрыдычнай не менш за пяць гадоў. Веданне асноваў працы галіны і спорту — усё, што звязана з юрыдычнай нарматыўна-прававой базай у галіне спорту і турызму”.