Івана Шылу завочна асудзілі на 20 сутак арышту

Шыла удзельнічаў у пікеце ў падтрымку Змітра Дашкевіча, які прайшоў 2 жніўня каля горацкай калоніі. Моладзевыя актывісты патрабавалі, каб адміністрацыя калоніі дазволілі Дашкевічу сустрэцца з адвакатам.

Міліцыянты затрымалі 14 чалавек. Большасць затрыманых былі асуджаныя на адміністрацыйныя арышты. Івана Шылу з залы суда адпусцілі, бо ён запатрабаваў адваката. Разгляд яго справы перанеслі на 8 жніўня, аднак у той дзень Шыла ў суд не з'явіўся.

Цяпер Шылу завочна прызналі вінаватым у несанкцыянаваным пікеце і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Па кожным з адміністрацыйных пратаколаў Шылу асудзілі на 10 сутак арышту.

Цяпер хлопец знаходзіцца ў Польшчы, дзе ён вучыцца, інфармуе БелаПАН. Пакуль не вядома, калі ён будзе адбываць пакаранне.