Інтэрнэт-юзераў вінавацяць у распаўсюдзе порна, якога яны нават не бачылі
І прапануюць “адкупіцца” за… 100 тысяч рублёў.
З абвінавачаннем у распаўсюдзе парнаграфіі журналіст Еўрарадыё сутыкнуўся, калі ў чарговы раз уключыў камп’ютар. Таблічка на экране манітора папярэджвала аб крымінальнай адказнасці, калі не пералічыць грошы на электронны кашалёк, нумар якога быў прапісаны на той жа таблічцы ўнізе.

Пасля першага шоку стала зразумела: камп’ютар захапіў вірус. Па тлумачэнні звярнуліся да спецыялістаў.
“Больш за год самымі актыўнымі вірусамі з’яўляюцца “вінлокі”. Яны блакуюць камп’ютары карыстальнікаў і вымагаюць за разблакіроўку грошы. Гэта вельмі просты сродак атрымання прыбытку. Ён паражае шырокую аўдыторыю, якая лёгка можа заплаціць гэтыя грошы праз смс ці паклаўшы грошы на электронны кашалёк”, — тлумачыць кіраўнік аддзела антывірусных распрацовак “Доктар Веб” Сяргей Камароў.
Каб разблакаваць камп’ютар, трэба ўвесці код, які распрацоўшчык віруса мусіць адаслаць пасля атрымання грошай. Але такі код не заўсёды даходзіць да ахвяры.
Такія вірусы ўжо адаптаваныя пад беларусаў, бо аўтары аперуюць менавіта беларускім заканадаўствам у сваіх пагрозах. Але з’явіліся яны ў нашай краіне нядаўна. Першасна іх стварылі ў суседняй Расіі.
“Летась асноўным арэалам распаўсюджвання "вінлокаў" была Расія. Паступова яны з’явіліся ва Украіне, у Казахстане, цяпер дабраліся да Беларусі. І мы ўжо сустракаем "вінлокі", напісаныя для Заходняй Еўропы”.
Цікава, што "вінлок" вырас з заходніх фэйкавых антывірусаў — праграм, якія прапануюць хутка адсканіць сістэму на вірусы. Потым знаходзяць пагрозу і прапануюць набыць "лекі" ад яе за 30-60 долараў. Але такія вірусы аказаліся занадта дарагімі для постсавецкай прасторы.
“У Расіі і наогул на постсавецкай прасторы такі прыём працаваў неэфектыўна. Па-першае, 30 долараў — гэта нямала. Па другое, савецкі чалавек не прывык плаціць проста так, узяць і аддаць нейкія грошы. Ён лепей скачае праграму так”.
Таму аўтары вірусаў вынайшлі "вінлокі", якія дазваляюць хутка атрымліваць сур’ёзны прыбытак.
Другімі па актыўнасці вірусамі называюць "дэкодэры" — праграмы, якія блакуюць асобныя тэкставыя файлы ці фатаграфіі і вымагаюць грошы ў абмен на магчымасць іх адкрыць. За імі — спамботы, што рассылаюць спам з вашага камп’ютара.
Каб абараніцца ад вірусаў, недастаткова аднаго толькі антывіруса.
“Надзейны і абноўлены антывірус — гэта абавязкова. Другое — гэта павысіць свае веды аб бяспецы. Не хадзіць на сумнеўныя сайты, не хадзіць па сумнеўных спасылках, не адкрываць сумнеўныя лісты праз пошту. Самыя небяспечныя — парнаграфічныя сайты, другое — гэта сацыяльныя сеткі. На жаль, вірус можна падчапіць на любым сайце”.
Распрацоўшчыкаў вірусаў зрэдку ловіць міліцыя. Наш суразмоўца з антывіруснай кампаніі прыгадвае адзін такі выпадак у Расіі. Бо адсачыць інтэрнэт-злачынцаў вельмі складана.
А ці пішуць вірусы ў Беларусі? З такім пытаннем мы звярнуліся ў аддзел "К" беларускага МУС.
“У мінулым годзе былі распачатыя каля 3 крымінальныя спраў за распрацоўку, выкарыстанне і распаўсюд шкодных праграм. Аднак нашыя грамадзяне толькі выкарыстоўвалі і распаўсюджвалі гэтыя праграмы, але яны не з’яўляліся распрацоўшчыкамі”, — кажа прадстаўнік аддзела "К" Алег Слепчанка.
Спецыялісты адзначаюць, што ў Беларусі няма масавай тэндэнцыі вірусапісання. Гэта звязана з тым, што сам Байнэт яшчэ не такі вялікі, а вірусы кшталту "вінлокаў" найчасцей прыходзяць з замежжа.
Цікава і тое, што беларусы, якія сталі ахвярай "вінлокаў", не афішыруюць гэтага.
“Калі і ёсць пацярпелыя, то па асабістых матывах яны не імкнуцца гаварыць пра гэта. Бо такія вірусы зазвычай хапаюць у "шэрых" зонах: на парнаграфічных сайтах, у файлаабменніках”.
Звычайна "вінлокі" і іншыя сучасныя вірусы не адсылаюць код-разблакіроўку, нават калі вы пераводзіце грошы распрацоўшчыкам. А калі вы сталі ахвярай віруса, лепш з ім змагацца з дапамогай антывірусных праграм або пераўсталяваць сістэму.
фота: antivirus.by, maxsoft.3dn.ru