Інтэрнэт даражэць пакуль не будзе
У “Белтэлекаме” тлумачаць гэта “клопатам пра кліента”.
З 1 студзеня “Белтэлекам” павысіў тарыфы на анлайн-тэлебачанне ZALA у сярэднім на 20%. Карыстальнікі захваляваліся, што тое ж будзе і з інтэрнэтам. У кампаніі абвяргаюць.
“Яшчэ ў канцы года казаў наш намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях, што ў нашых планах у бліжэйшы час няма павышэння коштаў на інтэрнэт”, -- расказваюць Еўрарадыё ў “Белтэлекаме”.
І абяцаюць абавязкова паведаміць абанентам, хоць дагэтуль кошты на інтэрнэт у “Белтэлекаме” не падвышаліся… ні разу!
“Навіну мы адназначна павесім, калі ўсё ж такое здарыцца. Пакуль перадумоваў да таго, што гэта будзе адбывацца, няма. Хутчэй, падалі кошты. Альбо павялічваліся хуткасці за той жа кошт”.
А вось прыватнікі не настолькі ўпэўненыя ў будучых коштах. У правайдэры “Айчына-плюс” расказваюць, што планаў уздымаць кошты таксама не маюць. Праўда, гавораць аб гэтым зусім не так упэўнена, як у “Белтэлекаме”.
“На сённяшні дзень нешта сказаць складана. У бліжэйшы час пакуль не, здаецца. Бывае так, што і за тыдзень рашэнне прымаецца. Калі будуць уносіцца нейкія змены, то мы аб гэтым паведамляем. Інфармацыя на сайце з’яўляецца не менш, чым за месяц і дасылаюцца лісты”.
Варта заўважыць, што тарыфы на інтэрнэт – ці не адзіная рэч ў Беларусі, якая не зведала падвышэння на працягу 2011 года. У “Белтэлекаме” такую незвычайную з’яву тлумачаць “стратэгіяй кампаніі і камерцыйнай таямніцай”.
“Гэта стратэгія нашай кампаніі. Мы прытрымліваемся такой пазіцыі. Але зноў жа, абгрунтаванне там эканамічнае і стратэгічнае. Гэта не агалошваецца – ўсё аднясуць да камерцыйнай таямніцы і да стратэгіі прадпрыемства”.
Гэтым словам можна паверыць. На канец 2010 году дзяржаўны манапаліст пахваліўся тым, што мае ўжо 1 млн. 100 тысяч абанентаў. І іх колькасць увесь час расце.
А вось мабільны інтэрнэт у Беларусі даражэе. У канцы восені сотавыя аператары узнялі кошты на яго ў сярэднім на 10-15%.