Хаменка: Самыя лепшыя падарункі — тэрмас у машыну і шарж ад Варашкевіча
У свой Дзень нараджэння лідар гурта “Палац” займаецца грамадскай дзейнасцю і атрымлівае віншаванні ад сяброў, палітыкаў, чыноўнікаў і зорак шоў-бізнэсу.
А вось святкаванне свайго Дня нараджэння ці то ў выглядзе кватэрніка, ці то проста пасядзелак пашыраным колам блізкіх сяброў музыкант з-за недахопу вольнага часу сёлета “заваліў”. У гэтым нязменны лідар гурту “Палац” шчыра прызнаецца ў размове з Еўрарадыё.
Алег Хаменка: “Сёння яшчэ будзе сустрэча ў выглядзе канферэнцыі, прысвечаная абароне беларускіх балот — я абяцаўся быць. А заўтра я буду на адкрыцці дабрачыннай крамы: там можна будзе набыць цікавыя рэчы ад вядомых людзей па крыху завышаным кошце. Гэтыя грошы перадаюцца на дабрачынныя ініцыятывы і лячэнне дзетак”.
А яшчэ сёння будзе рэпетыцыя, дзе “палацаўцы” павіншуюць свайго сябра-лідара.
Датэлефанавацца з віншаваннямі да Хаменкі Еўрарадыё сёння здолела з цяжкасцю. Як прызнаецца музыкант, яму тэлефануюць і сябры, і калегі па “фолк- ды рок-сцэне”, віншуюць і вядомыя палітыкі, і афіцыйныя дзеячы, і зоркі шоў-бізнэсу.
Дарагіх падарункаў у выглядзе пазалочаных гітар, лімузінаў ці мікрафонаў з дыяментамі лідар “Палаца” не чакае. Кажа, сёлета ўжо атрымаў два найвыбітнейшыя падарункі — шарж на сябе ад лідара гурта “Крама” Ігара Варашкевіча і тэрмас у машыну ад сяброў.
Еўрарадыё далучаецца да ўсіх віншаванняў: творчых поспехаў, новых альбомаў ды кліпаў, вялікіх сцэн, поўных зал, удзячных гледачоў і — ніякіх “чорных спісаў”!