Глеб збірае майкі “вялікіх футбалістаў, з якімі гуляў”
А Крывец захоўвае майкі, у якіх забіваў вялікім камандам
Пра абмен майкамі паміж беларусамі і каталонцамі ў інтэрнэце з'явілася шмат з'едлівых жартаў. Вядома, што Ліанель Мэсі не пажадаў мяняцца майкамі з футбалістамі БАТЭ, але Еўрарадыё даведалася, у каго з беларускіх футбалістаў ёсць такая майка….
Паўабаронца познаньскага “Леха” Сяргей Крывец назбіраў шмат футболак. Але больш за ўсё цэніць уласную майку, у якой забіваў Ювентусу.
Сяргей Крывец: "У мяне ўжо даволі шмат футболак. Шмат маяк сяброў, напрыклад, ёсць майкі Хагуша ў розных камандах, Мішы Сівакова, Жаўнерчыка... Ну, і зразумела з Лігі чэмпіёнаў засталіся: Ван дэр Ваарта з "Рэала", дзве майкі "Ювентуса" Келіні і абаронцы Грыгеры. Але найбольш дарагая, напэўна, футболка, у якой забіў гол "Ювентусу". Я ёй не мяняўся, пакінуў на памяць. А таксама майка моладзевай зборнай Беларусі, у якой мы гулялі на чэмпіянаце Еўропы, з аўтографамі ўсіх футбалістаў".
Былы гулец БАТЭ, а зараз паўабаронца маскоўскага "Дынама" Ігар Шытаў кажа, што адмыслова бегаць за зоркамі футбола не будзе.
Ігар Шытаў: "Ёсць некалькі футболак нацыянальных зборных, але яны нават без прозвішчаў. Я ніколі да гульцоў не падыходзіў і не прасіў, проста пасля гульні збіралі кучку і адносілі. Самыя дарагія майкі для мяне мае - нашай нацыянальнай зборнай і БАТЭ".
Калекцыянуе футболкі вядомых футбалістаў Аляксандр Глеб, ён нават плануе развесіць іх па кватэры пасля рамонту.
Аляксандр Глеб: "Так! У мяне ёсць майкі "Арсенала", я ўзяў на памяць майкі Фабрыгаса ды Ван Персі. З Барселоны таксама – Анры, Это’о, Хаві, Ін'еста і Мэсі. Яны ў мяне зараз ляжаць у шафе. Але я ўжо дарабіў рамонт у кватэры і павешу іх у гасцявой, магчыма, у зале. Пакуль проста рукі не даходзілі, але, вядома, зраблю прыгожа. Усё ж гэта памяць, вялікія футбалісты, з якімі я гуляў, вядома, гэта памяць".
Цікава, у савецкія часы, нашым футбалістам забаранялі мяняцца ды і магчымасці такой не было.
"Асабіста я ніколі не мяняўся, ды і астатнія гульцы, - прызнаецца нападаючы легендарнага мінскага "Дынама-82" Юрый Пудышаў, - Бо ў нас толькі адна форма была, максімум дзве. Жаданне памяняцца, натуральна, было. Але справа яшчэ ў тым, што я хлопец грэблівы, а тут памяняўся і адразу на цела чужую футболку апранаеш. Не гігіенічна."
Фота: interfax.by