Генпракуратура: Следства не ціснула на сведкаў па справе анархістаў

Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка, Аляксандра Францкевіча, Максіма Веткіна і Яўгена Селівончыка вінавацяць у шэрагу нападах на будынкі — у прыватнасці, на Генштаб, расійскую амбасаду і турму на Акрэсціна. Таксама Францкевіча вінавацяць ва ўзломе сайта Наваполацкага гарвыканкаму. 


Нагадаем, што на судовым паседжанні многія сведкі заяўлялі, што следства аказвала псіхалагічны і фізічны ціск на іх, патрабуючы паказанняў супраць абвінавачаных. Як паведамляе сайт "Індымедыя Беларусь", 24 траўня была абвешчаная заява намесніка Генпракурора. Па яго словах, пракуратура правяла праверку і не выявіла фактаў таго, што следства ціснула на сведкаў. 


На паседжанне 24 траўня не з'явілася шмат сведкаў. Суддзя вырашыла лічыць прычыны іх няяўкі паважнымі і зачвытаць паказанні з папярэдняга следства. 


Паводле зачытаных паказанняў сведкі Быстрыка, арганізатарам нападу на расійскую амбасаду быў Аліневіч. Акрамя яго ў акцыі нібыта прымалі ўдзел Веткін і сам Быстрык, які павінен быў здымаць падзею на фотаапарат. Аліневіч паказанні Быстрыка не пацвярджае. Кажа, што падчас вочнай стаўкі ў Быстрыка быў сіняк пад вокам і той жэстам паказаў, што не будзе даваць праўдзівыя паказанні.