Gazeta Wyborcza: Мы рады, што Андрэй убачыць сям'ю
Прыгавор Андрэю Пачобуту пракаментаваў загадчык аддзелу замежжа GW Раман Імельскі.
5 ліпеня быў абвешчаны прыгавор па справе беларускага журналіста польскай “Gazety Wyborczej” Андрэя Пачобута. Журналіст атрымаў тры гады зняволення з адтэрміноўкай на два гады паводле артыкула “паклёп на прэзідэнта”, паводле артыкула “абраза” ён быў апраўданы. Загадчык аддзела замежжа “Gazety Wyborczej” Раман Імельскі пракаментаваў факты зняволення і вызвалення Пачобута.
Імельскі: “З аднаго боку, мы вельмі задаволеныя, што Андрэя вызвалілі, што нарэшце ён убачыць сваіх дзяцей, з якімі не бачыўся тры месяцы. Але з іншага боку, паводле прыгавору, ў бліжэйшыя гады Андрэй не можа ніякім чынам крытыкаваць рэжым Лукашэнкі. У адваротным выпадку наш журналіст можа трапіць за краты на тры гады. Але мы ўпэўненыя, што Пачобута так проста не запалохаеш. Сёння я размаўляў з Андрэем па тэлефоне. Ён сказаў, што сардэчна дзякуе ўсім, хто падтрымліваў яго і яго сям’ю ў гэты няпросты час, што за гэты час атрымаў шмат паштовак і лістоў з Еўропы.”
Еўрарадыё: "Якім чынам рэдакцыя “Gazety Wyborczej” падтрымлівала сям’ю Пачобута?"
Імельскі: “Па-першае, нашая газета падтрымлівала сям’ю Анджэя. Па-другое, мы на ўсіх узроўнях у Еўропе расказвалі пра гэты выпадак: размаўлялі з Кэтрын Эштан, з Ежы Бузэкам. Таксама мы прасілі еўрапейскія і расійскія сродкі масавай інфармацыі не забываць пра справу Пачобута. Дзякуючы ўсяму гэтаму, Андрэй заўжды заставаўся ў цэнтры ўвагі”.
Еўрарадыё: "Ці можна ў гэтай справе назваць Андрэя пераможцам?"
Імельскі: “Так. Думаю, што прадстаўнікі ўлады чакалі, што ён прызнае віну, папросіць прабачэння, скажа, што памыляўся. У гэтым выпадку можа і прыгавор быў бы больш мяккім. Але Андрэй адмовіўся гэта зрабіць”.