Сайты не могуць хаваць ад міліцыі звесткі пра карыстальнікаў форумаў
Адмовіць, калі міліцыя пытаецца пра IP дзёрзкіх каментатараў, не могуць нават у Эстоніі. А ў нас нават IP тых, хто каментуе “Хартыю’97”, бачныя “Белтэлекаму”.
Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці можа сёння захаваць ананімнасць беларускі карыстальнік інтэрнэту.
“Калі гаворка ідзе пра грамадзянскую позву, калі закранутыя пытанні гонару і годнасці — ананімнасць вельмі хутка ператвараецца ў неананімнасць, — распавядае Аляксандр Стэльмах, дырэктар сайта Onliner, на якім ляжаць адны з самых папулярных форумаў байнэта. — Тым, хто любіць жорстка выказвацца на форумах, трэба памятаць пра тое, што ў нас у краіне дастаткова розных дзяржаўных органаў, якім трэба рабіць прыгожыя справаздачы. А мы, натуральна, паводле закону абавязаныя даць ім інфармацыю”.
Адміністрацыя Onliner ведае пра сваіх карыстальнікаў толькі тое, што яны пажадалі пра сябе паведаміць. Плюс IP-адрасы, з якіх адпраўляюцца паведамленні. Менавіта яны, часцей за ўсё, і цікавяць міліцыю.
Згодна са словамі заснавальніка партала TUT.BY Юрыя Зісера, час, калі міліцыянты мусілі ісці па “айпішнікі” інтэрнэт-хуліганаў да ўладальнікаў форумаў, прайшоў. Усе допісы і рэплікі праходзяць праз “Белтэлекам”, які праз IP можа вылічыць нумар тэлефона і месца, з якога адпраўленае паведамленне.
Юрый Зісер: “Інфармацыя на ўсіх форумах: і на нашым, і на вашым, і на “Хартыі”, і яшчэ там дзе — раней, чым трапляе на форум, праходзіць праз “Белтэлекам”, дзе яны бачаць так званыя серверныя логі. Прычым ім да нас не трэба нават звяртацца, бо яны валодаюць усімі патрэбнымі звесткамі. Яны і не звяртаюцца да нас”.
Гэта датычыцца не толькі форумаў, але і ліставання па электроннай пошце!
Юрый Зісер: “Ніводная паштовая служба не шыфруе перапіску па змоўчанні. Адзінае, што шыфруецца, — гэта перадача самога пароля. Там з поштай складаней, бо пры шэрагу ўмоваў яна можа шыфравацца. Але гэта трэба лезці ў наладкі”.
Адзіны інтэрнэт-сэрвіс, які шыфруецца “прымусова”, па змоўчанні, — гэта Skype. А вось шыфраванае злучэнне па пратаколе https трэба адмыслова ўключаць. Калі вы хочаце зашыфраваць, напрыклад, ліставанне праз Gmail — трэба паставіць галачку ў наладках бяспекі.
У Эстоніі, дзе амаль ва ўсіх кавярнях ёсць бясплатны Wi-Fi, а праз інтэрнэт выбіраюць дэпутатаў і нават атрымліваюць школьныя хатнія заданні, сітуацыя з ананімнасцю… нагадвае беларускую.
“Калі паліцыя робіць запыт, пытаецца ў нас, з якога IP адпраўленае паведамленне на форуме — мы не можам адмовіць”, — распавядае Еўрарадыё супрацоўніца інфармагенцтва Delfi. Форумы пад яго артыкуламі штодня збіраюць сотні каментароў.
Супрацоўніца Delfi: “Прэмадэрацыі ў нас няма. Мы зараз ідзем да таго, каб магчымасць каментаваць засталася толькі ў зарэгістраваных карыстальнікаў. Але пакуль што і гэтага няма. Затое самі карыстальнікі нашых форумаў сочаць адно за адным. Калі нехта пакідае абразлівы каментар — адразу паведамляюць мадэратару, каб ён звярнуў увагу. Гэта вельмі распаўсюджана”.
Шмат рэсурсаў у інтэрнэце трымаюцца на кантэнце, які ствараюць самі карыстальнікі. Шырокае распаўсюджанне UGC — user-generated content — сталася адным з галоўных дасягненняў Web 2.0. Напрыклад, расійскі інтэрнэт-часопіс Look At Me хваліцца, што за 4 гады рэдакцыя і карыстальнікі разам напісалі 814 тысяч 709 допісаў. Гэтага хапіла б на 5 тысяч папяровых часопісаў!
“Мы дагэтуль не прымушаем карыстальнікаў паведамляць свае рэальныя імя і прозвішча, — распавядае Еўрарадыё гендырэктар Look At Me Аляксей Амётаў. — Але, пры гэтым, у нас ёсць Facebook-канэкт, якім юзеры актыўна карыстаюцца. Чалавек націскае на кнопку, заходзіць да нас праз Facebook, і мы атрымліваем усе яго звесткі. Такіх карыстальнікаў каля 40%”.
То бок, калі чалавек хоча схавацца — ніхто не перашкаджае яму стварыць пост пад нікам “Іван Пятроў”. Ці зарэгістраваць фэйкавы акаўнт на Facebook.
“У мяне, напрыклад, два профілі на Facebook. Што праўда, імя на абодвух — маё. Гэта на той выпадак, калі адзін заблакуюць, каб адразу быў гатовы другі. Па-рознаму бывае, але мне здаецца, што большасць на гэты конт не парыцца”, — працягвае Аляксей Амётаў.
Ананімнасць карыстальнікаў застаецца адным з прынцыпаў працы LiveJournal. Аўтары "жывых журналаў" ад пачатку праекту рэгіструюцца пад нікамі. Сапраўдныя імя, прозвішча і спасылкі на старонкі ў сацыяльных сетках можна пазначыць у Profile… пры жаданні.
“Мы працуем паводле законаў ЗША і знаходзімся пад юрысдыкцыяй штата Каліфорнія, — хваліцца Уладзімір Медушыўскі, прадстаўнік украінскага (найбліжэйшага да Беларусі) офіса LiveJournal. — Думаю, для нашых карыстальнікаў важна тое, што ні з Расіі, ні з Украіны, ні з Беларусі іх дзённік закрыць немагчыма без рашэння суда штата Каліфорнія”.
Закрыць — немагчыма. Але вылічыць кватэру, з якой пакінуў запіс беларускі карыстальнік “Жывога журнала”, нескладана.
“А калі міліцыя ў кватэры знойдзе, напрыклад, бабулю і ўнука — сумневаў у тым, хто пакінуў допіс, не застанецца”, — іранізуе Юрый Зісер.