Фермер з Альшанаў: Хапіла б дня, каб заваліць агуркамі ўсю Беларусь!

120425 Svjardlou Al6any.mp3

Падчас візіту на Століншчыну Аляксандр Лукашэнка заступіўся за фермераў, якіх нібыта крыўдзяць расійскія аптавікі:

“Прыехаў з Расіі нейкі чалавек і кажа: “Вось я табе даю столькі. Хочаш ― бяры. Хочаш ― аддавай, хочаш ― не аддавай”. А што яму застаецца рабіць? Праз суткі гэта ўжо не агурок. І ён танна аддае гэтыя агуркі”.

Каб вытворцам было зручна прадаваць агуркі дзяржаве “па нармальных коштах”, кіраўнік краіны даручае да восені пабудаваць у Альшанах лагістычны цэнтр ці перапрацоўчае прадпрыемства.

Але пазбавіцца ад расійскіх пакупнікоў не так ужо і проста!

“Людзі раскідаюць усё. Калі тых пакупнікоў, якія заўжды сюды прыязджаюць, выганяць адсюль ― атрымаецца бунт. Калі іх нават на адзін дзень прытармазіць ― на наступны адразу ж упадзе кошт. Гэта ж 1 – 1,5 тысячы тон агуркоў за дзень уходзіць. Што людзям, выкідаць іх? Гэта будзе катастрофа!” ― распавядае Еўрарадыё адзін з першых альшанскіх фермераў, Іван Грыб. Менавіта яму з братам належыць мясцовы гурковы рынак ― пляцоўка, да якой пад’язджаюць грузіцца фуры.

У “Белкаапсаюзе” у адказ на пытанне Еўрарадыё пра альшанскія агуркі шчыра абураюцца. Маўляў, што ім, гэтым фермерам, складана знайсці пакупнікоў на ўнутраных рынках?

“Ніхто не перашкаджае альшанскім фермерам здаваць гуркі дзяржаве. Яны могуць прынесці іх, запісацца нават. У сезон мы адкрываем шмат пунктаў прыёму гародніны. Здаць гуркі можна нават у кожнай краме. Так што... купім мы ў іх гэтыя гуркі!”

Але альшанскія вытворцы не нясуць агуркі ў “Белкаапсаюз”. Нават столінскія ўлады разумеюць, што дзяржава сёння не можа канкураваць з расійскімі аптавікамі менавіта па коштах:

“Дзе кошты больш выгадныя ― туды і ідзе тавар. “Белкаапсаюз” не можа сёння так гнутка працаваць, як працуе прыватнік на закупах гурка. Бо раніцай гурок можа каштаваць, напрыклад, 5 рублёў. У абед ― 3 рублі. Увечары ― 10 рублёў…” ― кажа намстаршыні Столінскага гарвыканкама Аляксандр Пачко.

Альшаны называюць не толькі агурковай сталіцай Беларусі, але і самай заможнай вёскай у краіне. Мясцовыя жыхары штодня загружаюць гуркамі некалькі дзясяткаў расійскіх фур.

“Абарот на рынку ― 1 – 1,5 мільёна долараў за дзень! Адначасова 30 фур загружаецца! Бусаў і меншых машын – увогуле не злічыць! І хапіла б аднаго дня, каб з нашага рынку заваліць агуркамі ўсю Беларусь. Вышэй за галаву, з дахам”, ― хваліцца Іван Грыб.

У беларускіх крамах альшанскія агуркі сапраўды сустрэнеш вельмі рэдка. Дробныя аптавікі прыязджаюць па іх на невялікіх фургончыках, і адразу развозяць па сваіх кліентах.

Іван Грыб: “Лагістычны цэнтр трэба рабіць. Але не на агурках, а на яблыках! Я ведаю, на яблыках атрымаецца. З аднаго раёна ў Польшчы (ёсць там такі Гроец) 200 фур загружаецца яблыкамі штодня. І ўсё гэта праз нашу краіну ідзе ў Расію! У Расіі бываюць маразы, і вялікія сады трымаць складана. Вось мы і хацелі сказаць прэзідэнту: калі мы не захопім гэты рынак, мы будзем дурныя... Трэба тут пасадзіць сады на перспектыву.

А агурок ― тавар вельмі пяшчотны. Калі аб 11-й гадзіне яго зняў з грады ― на наступную раніцу ён ужо мусіць быць у пакупніка. На тое, каб адладзіць сістэму, якая здолее канкураваць з расійскімі аптавікамі, спатрэбяцца аграмадныя выдаткі. Калі гэта ўвогуле ў нас атрымаецца”.

Але Івана Грыба да Аляксандра Лукашэнкі не пусцілі. Разам з братам іх пад аховай закрылі ў кавярні ў 50 метрах ад месца, дзе сеў прэзідэнцкі верталёт.

Фота: www.torange.ru.