Еўрарадыё стала сведкам агляду міліцыянтамі машыны Лябедзькі (аўдыё)

Не паспелі лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку вызваліць з пастарунку ў Астраўцы, як машыну палітыка затрымалі другі раз — для агляду. Што знайшлі можна паслухаць — пратакол дагляду зачытвае супрацоўнік міліцыі.
130426_liabedzka3.mp3
Міліцыянт: “Падчас дагляду аўтамабіль быў зачынены. Даглядзеўшы багажнік, рэчаў забароненых не знойдзена. У салоне, задняй, пярэдняй часткі і бардачку, рэчаў забароненых не знойдзена. Падчас дагляду нічога не вымалася, заўваг няма”.

Па словах Лябедзькі, астравецкія міліцыянты разглядалі магчымасць распачынання супраць яго адміністрацыйнай справы — за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў. Як раней паведамляла Еўрарадыё, першы раз Анатоля Лябедзьку ў Астраўцы затрымалі нібыта з прычыны таго, што на адной з вуліц знойдзеныя інфармацыйныя матэрыялы АГП “Мільён новых працоўных месцаў”. Праўда, палітык знойдзеных улётак не пабачыў.

Ці паспее Лябедзька на “Чарнобыльскі шлях” у Мінск, палітык казаць не бярэцца. Па дарозе да сталіцы, кажа, яшчэ ўсё можа здарыцца.

Як стала вядома, Анатоля Лябедзьку з Астраўца адпусцілі.

Фота — Еўрарадыё