Эксперымент з нэтбукамі ў школе яшчэ не пачаўся, а нэтбукаў ужо не хапіла

110905 Martin Kompy.mp3

“Міністэрства аховы здароўя абавязалася забяспечыць чысціню эксперымента. Яны будуць сачыць за вучнямі да і пасля ўрока. У іх ёсць для гэтага ўсе сродкі”, - кажуць у Мінадукацыі пра эксперымент па выкарыстанні нэтбукаў у школе. То бок паводле іх, за здароўем вучняў будуць сачыць лекары.

У гэтым навучальным годзе праходзіць эксперымент па выкарыстанні нэтбукаў на уроках у школе. У ім будуць удзельнічаць вучні з 7 школ, з кожнай па адным ці некалькі класаў.

У працоўную групу эксперымента “Адзін вучань – адзін кампутар” нават уключылі двух прадстаўнікоў Міністэрства аховы здароўя. Аднак там карэспандэнту Еўрарадыё так і не патлумачылі, як будуць сачыць за здароўем вучняў.

“Мы ў пасяджэннях нават па гэтым пытанні не ўдзельнічалі, нас туды ніхто не запрашаў”,- кажуць у Міністэрстве аховы здароўя.

Каб даведацца, як будзе прахадзіць эксперымент, звяртаемся ў 7 гімназію, якую мусілі забяспечыць нэтбукамі. Як высвятляецца, нэтбукаў… не хапіла.

“Смяротнага тут нічога няма. Хацелася б, але…. Разбірацца, чаму не выдзелілі, няма калі. Аднак праблемы ў гэтым няма. Спатрэбіцца, дастанем усе нэтбукі, якія ёсць у гімназіі”, - кажа дырэктар Ларыса Смагіна.

Здымацца з эксперыменту гімназія не плануе. Замест нэтбукаў будзе звычайны камп’ютарны клас. Дзеці будуць там вучыцца па асобным прадмеце, адзін раз на тыдзень.

“Мы будзем выкарыстоўваць нашы камп’ютарныя класы. Расклад спланаваны такім чынам, што на адзін урок у тыдзень матэматыкі і фізікі яны будуць працаваць па эксперыменце ў камп’ютарным класе. Прычым гэта не 45 хвілін, а толькі 20”.


Як даведалася Еўрарадыё, Фізіка і матэматыка  будзе праходзіць у камп’ютарным класе ў вучняў 8-ага класа. Таксама фізіка будзе ў вучняў 10 класа. З кожнай паралелі ўзялі па адным класе, каб была магчымасць параўнаць.

“Узялі клас з балам 8,2. Паглядзім , што будзе праз год у параўнанні з іншым восьмым класам, дзе бал 8,7”.

Цікава, а ці не будуць зайздросціць дзеці з іншых класаў, бо там урокі будуць звычайнымі, пытаемся ў дырэктара.

“Некаторыя класы засумавалі, а чаму не мы. Бацькі тэлефанавалі, казалі, мы таксама хочам. Я паабяцала, што такія ж урокі часам будуць праходзіць і ў іншых класах”.


Настаўнікі, якія будуць выкладаць з дапамогай камп’ютараў, прайшлі тыднёвую стажыроўку. Праўда, прадумваць праграму і змест урока яны будуць самі.

“На курсах тлумачылі, як выкладаць у межах гэтай праграмы “Адзін вучань, адзін камп’ютар”. Тлумачылі, як пераўсталяваць Windows, як падключыць лакальную сетку. Як выкладаць на уроку, нам не паказвалі. Пра методыку казалі агулам”, - кажа настаўніца з 7 гімназіі.

У гімназіі эксперымент плануюць пачаць з 15 верасня і завяршыць у красавіку.

Фота: gazgroup.ru