Эксперты: Візіт Лукашэнкі можа справакаваць у Бішкеку вулічныя акцыі

130329_lukashuk_bakieu.mp3

Травеньскі саміт АДКБ пройдзе ў Кыргызстане. І чакаць у Бішкеку кіраўніка Беларусі будуць не толькі яго калегі з краін-сябраў Дамовы аб калектыўнай бяспецы.

“Для часткі насельніцтва Кыргызстана Бакіеў дагэтуль яшчэ фігура раздражняльная, і нейкія пратэстныя акцыі ля амбасады Беларусі ці недзе яшчэ да прыезду Лукашэнкі я б чакаў”, — разважае ў размове з Еўрарадыё палітолаг Юрый Шаўцоў.

Чакаюць кіраўніка Беларусі непрыемныя размовы наконт былога кіраўніка Кыргызстана і на высокім узроўні, папярэджвае палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

Раман Якаўлеўскі: “Нам вядомы Лукашэнка сваёй экспрэсіяй і спантаннасцю — такія ж рысы характару назіраюцца з боку і прэзідэнта Кыргызстана. Атанбаеў не такі ўжо спакойны назіральнік, і я думаю, што ад яго можна чакаць пэўных экспрэсій на тэму Бакіева”.

Тое, што тэму экстрадыцыі Бакіева абмінуць не ўдасца, Еўрарадыё пацвярджае і старшыня Камітэта па міжнародных справах парламента Кыргызстана Каныбек Іманаліеў.

Каныбек Іманаліеў: “Я думаю, што гэта пытанне само сабой узнімецца. У якім фармаце — пакуль не ведаю, але кыргызская грамадскасць заклапочаная гэтым пытаннем. І калі народ, а тым больш — сваякі загінулых 7 красавіка, даведаюцца пра візіт спадара Лукашэнкі ў Кыргызстан, яны абавязкова гэта пытанне ўзнімуць”.

А тое, што на саміце будуць найперш абмяркоўвацца пытанні бяспекі, толькі падштурхне афіцыйны Бішкек, упэўнены Раман Якаўлеўскі.

Раман Якаўлеўскі: “Справа Бакіева наўпрост тычыцца бяспекі Кыргызстана. Бо Бакіева ўжо абвінавачваюць у тым, што ён пляце змову, знаходзячыся па-за межамі сваёй краіны — у Беларусі”.

Знізіць вастрыню “кыргызскіх нападак” на беларускага кіраўніка можа толькі жаданне Бішкека атрымаць падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ў пытанні ўваходжання гэтай краіны ў Мытны саюз, упэўнены Юрый Шаўцоў. Маўляў, будзе Бішкек прыставаць да яго з Бакіевым — Лукашэнка паабяцае накласці вета на гэта ўваходжанне. Але ў гэтым ён пойдзе насуперак інтарэсам Крамля, папярэджвае Раман Якаўлеўскі.

Раман Якаўлеўскі: “Кыргызстану ёсць чым палохаць Маскву — Кітаем. А зараз назіраецца ўзмацненне ўплыву Кітая на Кыргызстан, што, безумоўна, Маскве не можа падабацца”.

А дэпутат парламента Кыргызстана Каныбек Іманаліеў раіць падзяляць пытанне экстрадыцыі Бакіева і жаданне Бішкека ўвайсці ў Мытны саюз.

Каныбек Іманаліеў: “Я б два гэтыя пытанні не звязваў. Сяброўства двух народаў, двух краін — з-за Бакіева не варта псаваць гэтыя адносіны. І беларускія ўлады, беларускі ўрад, прэзідэнт будуць ставіцца з разуменнем да таго, што падчас гэтага візіту будзе ўзнімацца пытанне аб экстрадыцыі Бакіевых”.

На думку суразмоўцы Еўрарадыё, па "пытанні Бакіевых” найперш неабходна паразумецца на “вышэйшым палітычным” узроўні. Сустрэча сам-насам кіраўнікоў Беларусі і Кыргызстана паспрыяе гэтаму паразуменню больш, чым пісьмовыя звароты і патрабаванні. Галоўнае, кажа Іманаліеў, каб у выпадку такога паразумення Бакіевы хутка не зніклі з Беларусі.

Каныбек Іманаліеў: “Гэтыя людзі маюць вялікі вопыт і ў фінансавых махлярствах, і ва ўцёках — ад іх усяго можна чакаць. Таму вялікія надзеі на праваахоўныя органы Беларусі”.

Дарэчы, паводле слоў беларускіх экспертаў, Лукашэнка мае права накіраваць у Бішкек на гэты нефармальны саміт кагосьці замест сябе. Але наўрад ці ім скарыстаецца.