Эксперт: Мінск не зможа памірыцца з Кіевам без дазволу з Масквы

130403_eurafokus_0.mp3

Паставіць рубам пытанне наконт беларуска-ўкраінскай мяжы і вяртання старой запазычанасці Украіны перад нашай краінай плануе бліжэйшым часам перад Віктарам Януковічам Аляксандр Лукашэнка. Зрабіць гэта ён паабяцаў падчас сустрэчы з амбасадарам Беларусі ва Украіне Валянцінам Вялічкам. І нарэшце вырашыць гэтыя праблемы ва ўзаемаадносінах паміж нашымі краінамі. Але ці ўдасца гэта беларускаму кіраўніку?

Бліжэйшым часам — дакладна не ўдасца, упэўнены былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бязсмертны. Бо ў Віктара Януковіча сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам… няма ў планах!

Раман Бязсмертны: “Такая сустрэча не анансавалася, такая паездка не анансавалася. З украінскага боку ніякіх ініцыятыў у гэтым плане не было. Я не бачу перспектыў такой сустрэчы!”

Але калі такая сустрэча і адбудзецца, то знайсці згоду па пералічаных пытаннях будзе не проста, упэўнены палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. Што тычыцца запазычанасці яшчэ з савецкіх часоў перад Беларуссю, то, паводле яго слоў, улады Украіны шмат гадоў таму проста адмовіліся яе прызнаваць. Хоць сума і не вялікая — дзесьці каля 140 мільёнаў долараў. Не лепшая сітуацыя і з “памежнымі пытаннямі”.

Раман Якаўлеўскі: “Гэтая дамова падпісаная абодвума прэзідэнтамі, яшчэ Кучма яе падпісваў, ратыфікаваная парламентамі і чакалася, што Лукашэнка падчас візіту ў Кіеў перадасць гэтыя ратыфікацыйныя граматы — толькі тады дамова набывае моц. Дык вось — Лукашэнка гэтага не зрабіў: давай грошы, а так — не аддам!”

Сёння, кажа эксперт, адносіны паміж кіраўнікамі дзвюх краін знаходзяцца “на нулявым узроўні”. Пасля таго як кіраўніку Беларусі па патрабаванні старшыні Еўракамісіі Жазэ Мануэла Барозу Віктар Януковіч адмовіў у запрашэнні на адзначэнне 25-годдзя аварыі на ЧАЭС, а той у адказ назваў “казлом” — Барозу, і “вашывым” — украінскае кіраўніцтва. І абмеркаванне пытанняў непрызнанай украінцамі запазычанасці і недавезенай Лукашэнкам да Кіева згоды па мяжы наладжванню адносінаў не паспрыяюць.

Тым больш, дадае Раман Бязсмертны, што не ад Кіева і Мінска залежыць сёння станоўчае вырашэнне праблемных беларуска-ўкраінскіх пытанняў.

Раман Бязсмертны: “Пасля таго як працягнулася інтэграванне Беларусі ў Мытны саюз і ў Саюзную дзяржаву, развязанне пытанняў так званага доўгу, вызначэння межаў, рэадмісіі, пытанняў транзіту электраэнергіі, транзіту газу і гэтак далей — ключы ад тых праблем ужо знаходзяцца не ў Кіеве і нават не ў Мінску. Яны знаходзяцца ў Маскве”.

Калі ўважліва пачытаць дакументы, падпісаныя кіраўніком Беларусі ў рамках Мытнага саюзу, тлумачыць суразмоўца Еўрарадыё, то бачна, што Лукашэнка “звязаны” — рашэнні па розных мытных, памежных ды іншых важных пытаннях знаходзяцца ў кампетэнцыі Саюзнай дзяржавы ды Мытнага саюза, а не кіраўніка Беларусі.

Раман Бязсмертны: “Калі раней праблемы ў гандлёвых стасунках паміж Украінай і Беларуссю ўзнікалі і гасіліся, то цяпер усе яны дасягаюць вялікага ўзроўню напалу пытанні наконт мяса, малака, піва. І ўсё з-за таго, што цяпер і ад гэтых пытанняў ключы знаходзяцца ў Маскве”.

А пры “такой расстаноўцы фігур на шахматнай дошцы”, упэўнены Бязсмертны, дасягнуць пагаднення ва ўзаемаадносінах паміж нашымі краінамі не ўдасца. Не верыць у гэта і беларускі эксперт Раман Якаўлеўскі.

Фота: ktelegraf.com.ua