Дзяржчыноўнікам могуць захаваць “залаты парашут”

Не ўсе дэпутаты Палаты прадстаўнікоў згодныя з тым, што чыноўнікаў трэба ва ўсім раўняць у правах з простымі людзьмі. Таму фармулёўкі і нормы закона “Аб дзяржслужбе” яшчэ могуць змяніцца падчас другога чытання ў парламенце. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў дэпутат Вадзім Дзевятоўскі.

Дзевятоўскі: “Задачы вельмі сур’ёзныя ставіць дзяржава перад чыноўнікамі. І калі ты проста так сядзіш, то іх не вырашыць. А спытваюць за невыкананне задачы вельмі сур’ёзна — адразу ставіцца пытанне аб прафесійнай прыдатнасці. Таму за гэту адказнасць, на мой погляд, трэба было б пакінуць нейкія ільготы. Бо гэта таксама стымул, матывацыя. Калі не будзе прэстыжу ў такой службы, то хто пойдзе? І тады мы будзем мець недахоп кадраў”.

Да прыкладу, Дзевятоўскі не зусім згодны з прапановай выплачваць чыноўнікам пры звальненні не шасцімесячны заробак як зараз, а толькі за тры месяцы, як усім астатнім. І запэўнівае: калі паўстане пытанне пра павялічэнне заробкаў дзяржслужачым, то першым будзе за гэта галасаваць.

Тым не менш, асцярожна дадае Вадзім Дзевятоўскі, ён не зусім упэўнены ў правільнасці сваёй пазіцыі наконт закона “Аб дзяржслужбе”. Кажа, да другога слухання яшчэ абавязкова дадаткова абмяркуе яго з распрацоўшчыкамі, сябрамі профільнай камісіі парламента, калегамі, а таксама ў сваёй выбарчай акрузе.

Нагадаю, праект закона “Аб дзяржслужбе” быў ініцыяваны Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны. Найперш ён датычыць чыноўнікаў, звольненых у сувязі з ліквідацыяй дзяржоргана ці скарачэннем штату. Таксама ён тычыцца грамадзян, звольненых з вайсковай службы, з органаў унутраных спраў, Следчага камітэта, фінансавай міліцыі, МНС у сувязі са скарачэннем штатаў ці па іншых паважных прычынах без права на пенсію. Праект закона ўраўноўвае ў правах дзяржслужачых з іншымі катэгорыямі работнікаў.

Фота — novaya.by