Дзурында: ЕС не павінна адступаць ні на міліметр ад сваіх патрабаванняў

З пасады міністра замежных спраў Славакіі Мікулаш Дзурында сышоў 4 красавіка 2012 года, і менавіта пры ім вырашаўся лёс пашырэння санкцый у дачыненні да Беларусі і распачынаўся дыпламатычны крызіс. Чалавек, як ўзначальваў урад сваёй краіны з 1998 па 2006 гады, сышоў у апазіцыю, але без увагі “беларускае пытанне” не пакідае.


Еўрарадыё: Як вы самі ахарактарызуеце палітыку, якую вы, як міністр замежных спраў, праводзілі ў дачыненні да Беларусі?

 
Мікулаш Дзурында: Прынцыповая. Таму, што я маю вельмі добрае стаўленне да беларускага народа. З Мілінкевічам я знаёмы ўжо 15 гадоў і пазнаёміўся з вялікай колькасцю беларусаў на розных спартовых мерапрыемствах ды іншых сустрэчах. У вас вельмі добрая біятланістка! І тое, што беларусы з’яляюцца еўрапейскай нацыяй – гэта без пытанняў. І Беларусь з’яўляецца ўдзельнікам “Усходняга партнёрства”. Але, з іншага боку – рэжым. Што і з’яўляецца праблемай. Мы, славакі, вас добра разумеем. Я, чалавек Мікалаш Дзурында, вас добра разумею. Бо 34 гады жыў пры вельмі падобным рэжыме. І таму такую прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да Беларусі я дэклараваў у якасці міністра замежных спраў. Бо толькі цвёрдая і жорсткая стратэгія ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі можа прывесці краіну да палітычнай свабоды. 


Еўрарадыё: З пасады міністра вы сышлі 4 красавіка. Ці паспелі яшчэ перад сваім сыходам узяць удзел у пасяджэнні Савета Міністраў краін ЕС, што праходзіла 23 сакавіка, і на якім было прынятае рашэнне аб пашырэнні санкцый?

 
Мікулаш Дзурында: Не, менавіта на тым пасяджэнні я не прысутнічаў, замест мяне там быў мой намеснік, але я прысутнічаў на ўсіх папярэдніх. І заўсёды катэгарычна настойваў на цвёрдых санкцыях супраць рэжыму. Бо нельга адной рукой пагражаць рэжыму, а другой даваць грошы Міжнароднага валютнага фонду.


Еўрарадыё: Мяркую, што зараз вы ўжо можаце расказаць, чаму Славакія напярэдадні пасяджэння 23 сакавіка выступала супраць пашырэння санкцый?


Мікулаш Дзурында: Не магу сказаць. Таму, што не ведаю дакладна. Але ведаю адно – не заўсёды добра, калі ў палітыцы прысутнічае бізнэс. Кажуць: народная інтарэсы. Толькі гэта гульня. І не павінен бізнэс пераважваць жаданне дапамагчы беларускаму народу. Адразу скажу – не маю ніякай інфармацыі наконт таго, ці ёсць сувязі паміж славацкім бізнэсам і беларускім.


Еўрарадыё: А ці праўда, што ваш калега Младэнаў, міністр замежных спраў Балгарыі, спрабаваў “выкупіць” у беларускага рэжыма палітзняволеных?

 
Мікулаш Дзурында: Младэнаў нас праінфармаваў аб сваёй паездцы. І дэбаты, якія пасля гэтага пачаліся... Я б сказаў, што мы яго палітычна пабілі. Ніхто з нас не ўспрыняў усур’ёз таго, што нагаварыў Младэнаву Лукашэнка.

 
Еўрарадыё: Вы лічыце, што трэба прытрымлівацца выключна палітыкі санкцый?


Мікулаш Дзурында: Я за тое, каб ціск на рэжым быў усё большы і большы. Я ведаю, што кожная сітуацыя – розная. І што сітуацыя ў Чэхаславакіі колькі гадоў таму адрозніваецца ад сённяшняй беларускай сітуацыі. Але ў тыя часы я выдатна разумеў, што цвёрдая пазіцыя ЗША і перамога ў “халоднай вайне” нас вызваліць. Зараз у мяне ўражанне, што большасць беларусаў хочуць свабоды. А таму – мы не можам саступіць. Размовы пра тое, што санкцыі шкодзяць простым людзям, і што мы такім чынам аддаём Беларусь у рукі Расіі – не адпавядаюць рэчаіснасці. У той жа час, усё – у руках беларускага народа, ад яго залежыць будучыня. Мы можам шмат, але не ўсё.


Еўрарадыё: Паміж Беларуссю і Еўрасаюзам былі і перыяды пацяплення, і перыяды пахаладання. Ці разумеюць еўрапейскія палітыкі паводзіны кіраўніка Беларусі?

 
Мікулаш Дзурында: Толькі ў апошнія два гады мы пачалі яго разумець. Але да гэтага мы нічога не маглі разумець і Лукашэнка з намі гуляў як з малымі дзецьмі. І толькі цяпер мы зразумелі, што далей так не пойдзе. Але і цяпер былі даволі смешныя дэбаты, асноўнай тэмай якіх было: дададзім мы ў “чорны спіс” дзве фірмы ці ажно цэлых тры! Для мяне гэта было страшна смешна! Выйгралі тыя, хто прапаноўваў тры. Мне падаецца, што ўпэўненасць у тым, што мы мусім быць цвёрдымі і жорсткімі, ужо прыйшла. 

 
Еўрарадыё: Вы былі міністрам, калі пачаўся дыпламатычны крызіс. Наколькі гэта быў сур’ёзны для еўрапейскай дыпламатыі крок – адклікаць сваіх амбасадараў?

 
Мікулаш Дзурында: Я быў адным з першых, хто даведаўся пра тое, што Лукашэнка загадаў выехаць у свае краіны амбасадарам ЕС і Польшчы. Я адразу ж патэлефанаваў свайму і сказаў: “Вяртайся!”. І гэта вельмі добра, што па гэтым пытанні ва ўсіх краін ЕС было адзінства. У Браціславе мне ўдалося арганізаваць сустрэчу Вышаградскай групы і Усходняга партнёрства. Былі Кэтрын Эштан і Гідэ Вэстэрвэле. Там была агучаная наша сумесная пазіцыя па гэтым пытанні.

Еўрарадыё: На свабоду вышлі Саннікаў і Бандарэнка. Праз дзень кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімір Макей заявіў, што больш нікога з вязняў пад уціскам вызваляць не будуць і нікога не рэабілітуюць. У той жа дзень Кэтрын Эштан зноў катэгарычна заклікала вызваліць усіх палітвязняў. Мы зноў назіраем супрацьстаянне: адны выступаюць з патрабаваннямі, другія – баяцца, што іх “нахіляюць”. І што далей – зноў таптанне на месцы ва ўзаемаадносінах?


Мікулаш Дзурында: Мне было прыемна, што Кэтрын выступіла з такой заявай. Гэта азначае, што ў нас сапраўдны саюз у Еўропе. Мы ясна напісалі: “Усіх вызваліць і рэабілітаваць! Даць гарантыі, што спыняцца рэпрэсіі і правесці свабодныя выбары”. Зараз я за сябе кажу: мы не павінны адступаць ні на адзін міліметр, пакуль не будуць выкананыя гэтыя патрабаванні. Ні на міліметр.

 


Еўрарадыё: Такім чынам, пакуль астатнія палітвязні будуць сядзець у турме, санкцыі будуць пашырацца?

 
Мікулаш Дзурында: Я, у якасці зараз ужо апазіцыйнага палітыка, буду паўсюль пра гэта казаць і гэтага дамагацца. Я не буду даваць ацэнкі свайму наступніку на пасадзе міністра замежных спраў ці новаму прэм’ер-міністру на падставе тых слоў, што яны кажуць тут. А буду слухаць, што яны будуць казаць на пасяджэннях Савета міністраў і Савета Еўропы. І буду іх бязлітасна крытыкаваць, калі яны адступяць ад гэтай пазіцыі.

 
Еўрарадыё: Пытанне да вас, як да палітыка: ці не зневажае вас, калі Лукашэнка выказваецца агулам пра усіх еўрапейскіх палітыкаў?

 
Мікулаш Дзурында: Палітыка не можа быць уразлівай да словаў. І гэта словы – проста словы, яны мяне не кранаюць і не зневажаюць. Мяне зневажае тое, што жаніх Насты Палажанкі, якую я добра ведаю, сядзіць за кратамі. Вось гэта мяне зневажае, а астатняе – словы.