Польшча вылучыла 1 млн еўра ў спецфонд на карысць Беларусі
Гэтыя грошы павінны засведчыць, што еўраструктуры гатовыя да дыялогу з афіцыйным Мінскам.
29 верасня ў Варшаве міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі і камісар па правах чалавека Савета Еўропы Томас Хамарберг сустрэліся з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі.
На прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы Сікорскі заявіў, што стаўленне Еўрасаюзу да Беларусі будзе дакладна такім, як стаўленне беларускіх уладаў да апазіцыі. Па яго словах, еўраструктуры не пагодзяцца на гандаль палітвязнямі і патрабуюць павагі да еўрапейскіх стандартаў, што тычыцца стаўлення да сваіх грамадзянаў і асабліва — прадстаўнікоў апазіцыі.
Сікорскі паабяцаў, што ў такім разе Польшча зробіць усё, каб Беларусь атрымала вельмі шчодрую дапамогу ад Еўрасаюзу. Першым заахвочвальным крокам ён назваў 1 мільён еўра. Гэтая сума пералічаная ад Польшчы ў спецыяльны фонд Еўрапейскага інвестыцыйнага банку на карысць Беларусі.
Як патлумачыў у каментары Еўрарадыё Уладзімір Някляеў, прысутны на сустрэчы, гэты крок мусіць заахвоціць беларускія ўлады да дыялогу.
Фота: Радыё "Свабода"