Дэпутат: Не абавязаны кожны дэпутат уставіць па слове ў законапраект

130401_lukashuk_parlament_0.mp3

І ці прыгадаюць, колькі правак унеслі ў праекты законаў, над якімі яны працуюць зараз, цікавіцца Еўрарадыё ў парламентарыяў за дзень да пачатку другой сесіі…

“Акурат гэтым і займаюся”, — упэўнівае сябра камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Валянціна Леаненка.

Валянціна Леаненка: “Тое, што я ўжо вывучыла і па якіх у мяне ёсць пытанні — складаю ў асобны стос, а тыя законапраекты, па якіх у мяне няма пытанняў — я ў іншы стос адкладаю!”

І дадае, што “канцэптуальна” яна абавязкова знаёміцца з кожным законапраектам.

Валянціна Леаненка: “Глядзім, наколькі гэта адпавядае нашаму ўяўленню пра тое, што з’яўляецца сёння болевай кропкай для эканомікі, для грамадства, для чалавека...”


Калі тэма законапраекта не “блізкая” дэпутату, то даводзіцца памучацца.

Валянціна Леаненка: “Часам бывае, што выходзіш з цяжкай галавой. Бо паглыбіцца ў сутнасць вельмі складана адразу з наскоку — трэба папрацаваць над некаторымі законапраектамі”.

Радуе тое, супакойвае дэпутат Аксана Няхайчык, што частка законапраектаў будзе разглядацца ў другім чытанні — з імі знаёміліся раней. Ды і кладуць праекты не адным стосам.

Аксана Няхайчык: “Мы ж увесь гэты час працавалі над гэтымі законапраектамі — ад сесіі да сесіі. Гэта ж не тое, што мы за адзін тыдзень вывучылі 60 законапраектаў — гэта дастаткова доўгатэрміновы працэс”.

Але і яна сцвярджае, што абавязкова вывучае ўсё. Калі штосьці не разумее, а тэма цікавая — ідзе да калег з профільнай камісіі.

Нейкую сярэднюю лічбу ўнесеных правак суразмоўцы Еўрарадыё назваць не здолелі. Ды і не заўсёды дэпутату гэта абавязкова трэба рабіць, мяркуе Аляксандр Зазуля.

Аляксандр Зазуля: “Не трэба быць такім катэгарычным: маўляў, кожны павінен па сваім слове ўставіць у законапраект — не абавязаны! І не ставіцца такая задача. На тое ёсць экспертна-юрыдычнае ўпраўленне і камісія, на тое ёсць і аддзел па забеспячэнні працы камісіі — дастаткова прафесіяналаў працуе вакол законапраекта. Дэпутат найперш павінен упэўніцца, што насамрэч законапраект адпрацаваны прафесійна”.

Цікавіцца Еўрарадыё і тым, які з 60 законапраектаў дэпутаты лічаць самым надзённым. Валянціна Леаненка называе праект закона “Аб Канстытуцыйнай судавытворчасці”. Да яго будзе “пытаннечка”.

Валянціна Леаненка: “Ці плануецца разгляд канцэпцыі, калі грамадзянін зможа наўпрост звяртацца ў Канстытуцыйны суд, калі парушаюцца яго правы?”

Аляксандру Зазулю як былому прадпрымальніку найбольш цікавым падаецца законапраект аб інвестыцыях, а былая настаўніца фізікі і матэматыкі Аксана Няхайчык вылучае праекты законаў, якія ляжаць у камісіі па адукацыі. Праўда, канкрэтнага не называе.

Фота: http://bymedia.net/