Чыноўнікам пра імпартазамяшчэнне расказалі, але паказаць не здолелі
У леках – 100% імпартных складнікаў, у кашулях – 40% замежных тканін і нават для айчыннага цэменту ўпакоўку закупляюць у іншых краінах.
Пасля семінара па імпартазамяшчэнні, які ў першай палове дня 15 снежня ладзіў у Палацы Рэспублікі для кіраўнікоў рознага ўзроўню Аляксандр Лукашэнка, чыноўнікі раз’ехаліся па розных прадпрыемствах. Цікавіліся, як там выконваюць дзяржаўную праграму па імпартазамяшчэнні. Еўрарадыё накіравалася следам.
Група кіраўнікоў, якую ўзначаліў кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзімір Макей, наведала лагойскае прадпрыемства “Лекфарм”. Дарэчы, там акурат у гэты дзень распачынала працу новая лінія па вытворчасці лекаў. Следам за сябрамі высокай дэлегацыі мы пытаемся ў супрацоўнікаў аддзела маркетынгу кампаніі, ці шмат у іх леках імпартных складнікаў. Але адказу не атрымліваем.
Аддзел маркетынгу “Лекфарм”: “Ну, прабачце, вы палезлі ў такі гушчар! На гэта я вам дакладна не адкажу. Які адсотак імпартных!”

Між тым зусім нядаўна на “Лекфарме” з гэтага не рабілі сакрэту. І ў размове з карэспандэнтам Еўрарадыё начальнік аддзела маркетынгу кампаніі "Лекфарм" Аксана Дземянцей шчыра прызнала – "імпартазамяшчальная" супрацьвірусная таблетка “Арпетол” на 100% складаецца з імпартнай сыравіны.
Аксана Дземянцей: "Уся сыравіна, з чаго складаюцца нашы лекі, завозіцца з-за мяжы. Тут — толькі вытворчасць сваімі сіламі. Вось такая наша таблетка. Штосьці завозім з Іспаніі, нейкія прэпараты — з Даніі, з Венгрыі, большасць субстанцый пастаўляецца з Германіі. Таксама з Індыі".
Паводле слоў спецыяліста, распрацоўваць лекавыя субстанцыі самім у Беларусі – вельмі дорага.
Ці гэта ж пачулі ўдзельнікі семінара па імпартазамяшчэнні на чале з Макеем і ці засталіся задаволеныя пачутым, не вядома – афіцыйныя СМІ падрабязнасці не паведамляюць.
Група пад кіраўніцтва намесніка Уладзіміра Макея Андрэя Тура наведала “Дзяржынскую швейную фабрыку “Эліз”. Але і там ім давялося пачуць пра выкарыстанне імпартнай сыравіны, прызнаецца дырэктар фабрыкі Юрый Лукашэвіч.
Юрый Лукашэвіч: “У нас імпартныя складнікі – каля 40%. Мяркую, што гэта цалкам нармальна, і менш сёння не атрымаецца. Асноўны наш асартымент – кашуля. Класічныя вырабы, модныя накірункі, кашуля кшталту “люкс”. І ў Беларусі ўсё для такой кашулі вырабіць немагчыма. А калі нават і вырабіць, то гэта будзе менш выгадна для нас. Бо выкарыстоўваецца бавоўна – сыравіна, якая ў нас не расце. І калі нават пабудаваць прадпрыемства, якое будзе для нас вырабляць тканіны, то ўсё адно бавоўну давядзецца набываць за валюту”.
Як да такой навіны паставілася дэлегацыя “імпартазамяшчальнікаў”, таксама не вядома. А вось прадукцыю фабрыкі “Эліз” яны ўхвалілі кашальком у фірмовай краме прадпрыемства.
Юрый Лукашэвіч: “Учора ў фірмовай краме, калі мы праводзілі семінар, многія удзельнікі семінара зрабілі пакупкі”.
І толькі група чыноўнікаў пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча мела магчымасць пабачыць выкананне імпартазамяшчальнай праграмы. Прадукцыя прадпрыемства “Хенкель Баўтэхнік”, рапартуе начальнік службы маркетынгу кампаніі Алена Ачарэтняя, на 90-95% складаецца з айчынных кампанентаў.
Алена Ачарэтняя: “У нас каля 19 мільёнаў долараў было зэканомлена за кошт імпартазамяшчэння за 2008-2010 гады”.

А вось калі б была магчымасць набываць папяровыя мяхі беларускай вытворчасці для ўпакоўкі прадукцыі, указалі чыноўнікам на прадпрыемстве, то паказчыкі былі б яшчэ вышэй.
Група пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Анатоля Рубінава і першага намесніка прэзідэнцкай адміністрацыі Аляксандра Радзькова наведала два фармакалагічныя прадпрыемствы: "Фармтэхналогія" і "Мінскінтэркапс". Але дазнацца, што яны там даведаліся пра поспехі ў імпартазамяшчэнні, не ўдалося. На "Мінскінтэркапс" проста адмовіліся адказваць на гэта пытанне, а па тэлефонах "Фармтэхналогія" ніхто ўпарта не адказваў.
