Чаравікі за 300 тысяч беларусы набываюць... у крэдыт!

120514 Svjardlou Kredit.mp3

― Можна я вас сфатаграфую? ― пытаецца Вераніка, якая афармляе спажывецкія крэдыты ў ЦУМе. У руцэ ў дзяўчыны вэб-камера: здымак адразу ж пойдзе ў банк разам з іншай інфармацыяй пра атрымальнікаў крэдыта. За 10-15 хвілінаў эксперты з крэдытнага аддзела правераць іх надзейнасць. І вырашаць, ці варта выдаваць ім грошы.

Перад Веранікай муж і жонка. Ён ― кіроўца, яна ― выхавацелька ў дзіцячым садку. Абодвум гадоў пад 50. На дваіх яны штомесяц атрымліваюць каля 6 мільёнаў заробку.

― Лепш бы мы аддалі гэтыя 500 тысяч і пайшлі адсюль… ― кажа жанчына. Але фатаграфавацца не адмаўляецца.

Насамрэч пара бярэ крэдыт на 700 з нечым тысяч. На што ― казаць адмаўляюцца. Браць грошы ў крэдыт  беларусам сорамна. Але што рабіць, калі не хапае?

“Ёсць людзі, якія прыходзяць па адзін тэлевізар, але раптам ім спадабаўся іншы. Але на яго не хапае. Каму 300 тысяч, каму 400, а каму і 500. Тую суму, якая ў іх ёсць, яны ўносяць, а астатнія грошы бяруць у крэдыт. А некаторыя афармляюць абутак у крэдыт. 400 тысяч, нават да 500 тысяч не даходзіць”, ― распавядае Вераніка.

 

Абутак дзяўчына згадала нездарма. З шараговых спажывецкіх тавараў менавіта ён карыстаецца найбольшым попытам у тых, хто хоча набыць рэчы ў крэдыт. Пры дапамозе банка новыя чаравікі ці боты можна купіць не толькі ў гіперах ды ўнівермагах, але і ў спецыялізаваных крамах.

“Мінімальны крэдыт, які мы выдаем ― 300 тысяч. Нават па такія грошы да нас звяртаюцца. А максімальны ― 11 мільёнаў. У асноўным, вялікія крэдыты бяруць шматдзетныя сем'і, калі набываюць абутак адразу на ўсіх”, ― дзеліцца з Еўрарадыё назіраннямі Луіза Папок, крэдытны кансультант у краме абутку.

У гэтай краме банк выдае крэдыт на 4 месяцы пад… 0,01% гадавых! Амаль што бясплатна! Тэлефаную ў аддзел абслугоўвання кліентаў і пытаюся, у чым прыкол.

“Тут ідуць стасункі не паміж кліентам і банкам, а паміж крамай і банкам. То бок, краме выгадна праводзіць больш вялікі таваразварот. Таму камісіі за крэдыт аплачвае крама”, ― тлумачаць у банку. Абы набывалі!

300 тысяч ― гэта кошт сандалетаў і самых простых красовак ці басаножак. Па словах Луізы, колькасць людзей, якія звяртаюцца па крэдыты, у шмат разоў узрастае напрыканцы восені, калі пераабувацца трэба ў нятанныя зімовыя боты.

“Не глядзіце, што зараз нікога няма! Гэта проста вы ўдзень прыйшлі, ды яшчэ і ў панядзелак! Да нас штодня звяртаецца чалавек па 10-15”, ― дадае крэдытны кансультант.

Банк крэдытуе таксама пакупнікоў бытавой тэхнікі і… дзвярэй. Беларусам не хапае грошай на самыя неспадзяваныя рэчы.

Што думаюць наконт крэдытаў мінакі на мінскіх вуліцах?